Святлану Ціханоўскую працягваюць запрашаць кіраўнікі розных краінаў. 9 сакавіка яна пабывала з афіцыйным візітам у Швейцарыі. У сталіцы гэтай дзяржавы Святлана сустрэлася з Андрэасам Эбі - кіраўніком краіны, Сімонам Гэйсбюлерам - начальнікам аддзела правоў чалавека мясцовага МЗС і парламентарыямі, якія ўваходзяць у камітэт міжнародных справаў.
Адной з цэнтральных тэмаў размовы з усімі палітыкамі Швейцарыі была сітуацыя вакол Наталлі Хершэ. Аршанкі, якая даўно жыла ў Швейцарыі, атрымала грамадзянства гэтай краіны, але пасля жорсткіх разгонаў дэманстрантаў у Беларусі яна вярнулася на Радзіму, каб таксама прыняць удзел у акцыях пратэсту. У выніку Наталлю асудзілі за тое што сарвала балаклаву з АМАПаўца 2,5 гады калоніі.
Па інфармацыі якую агучыла Святлана Ціханоўская, Наталля з 22 лютага абвесціла і трымае галадоўку пратэсту ў зняволенні. Гэта звязана з тым, што ёй зноў перасталі перадаваць лісты з волі.
Сярод іншых тэмаў пра якія ішла размова на афіцыйнай сустрэчы: спрашчэнне ўмоваў для рэлакалізацыі беларускага бізнэсу які падвергся рэпрэсіям у Беларусі, ціск на ўлады з тым каб яны распачалі перамовы, пошук магчымых рахункаў Лукашэнка і яго набліжаных у швейцарскіх банках і г.д.