Грамадскі актывіст Рыгор Грык 15 ліпеня атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што ўлада не дае згоды на правядзенне пікета 27 ліпеня, прысвечанага гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Чыноўнік лічыць, што заяўнікі пікету Рыгор Грык, Сяргей Гоўша і Вячаслаў Болбат парушылі п. 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2011г. № 308-З) і п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” (у рэд. рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.10.2009г. № 2497).
– 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, але сёння гэтая падзея практычна не ўзгадваецца, таму мы хацелі нагадаць жыхарам горада Баранавічы аб асноўных ідэях нашай Дэкларацыі. Мы выканалі ўсе патрабаванні закона, а таксама заключылі пісьмовыя дамовы з міліцыяй, паліклінікай і ЖКГ, але нам традыцыйна забараняюць усе масавыя мерапрыемствы, – паведаміў Рыгор Грык.
Планавалася, што ў пікеце прыме ўдзел каля 10 чалавек.