Чарговы круглы стол «Актуальнасць люстрацыі на сучаснай постсавецкай прасторы», правяла на мінулым тыдні грамадская ініцыятыва “Люстрацыя для Беларусі”. Кола пытанняў, прапанаваных для абмеркавання, досыць шырокае і ўключала ў сябе азнаямленне з найноўшым украінскім досведам (ад Майдану да цяперашняга часу), а таксама прыклады люстрацыі ў іншых постсавецкіх краінах і магчымыя варыянты развіцця Канцэпцыі люстрацыі для Беларусі.
Як паведаміў сябра Рабочай групы Асамблеі НДА Вацлаў Арэшка, створаная тры гады таму назад ініцыятыва, у якую ўваходзяць эксперты, журналісты і прадстаўнікі розных дэмакратычных арганізацый, ад самага пачатку не ставіла на мэце стварыць нейкі канчатковы дакумент, і не праект будучага закону, а сабраць “матэрыялы да канцэпцыі люстрацыі”.
Гісторык і даследчык перыяду сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў люстрацыю разглядае як працэс ачышчэння і палітычную практыку, якая мусіць уключаць у сябе забарону на пэўныя прафесіі і пасады, а таксама зняцце забароны на прыватнае жыццё (паколькі ў ходзе люстрацыі дапушчаецца публічны распаўсюд інфармацыі кшталту супрацоўніцтва са спецслужбамі).Ён нагадаў, што першы праект беларускага закона аб люстрацыі быў прапанаваны на разгляд яшчэ ў 1991 годзе дэпутатам Галінай Старавойтавай, аднак не быў прыняты.
Люстрацыя (ад лац. Lustratio - ачышчэнне з дапамогай ахвярапрынашэнняў) - комплекс заканадаўчых мер і практыка, якая складаецца ў абмежаванні правоў некаторых катэгорый асоб (выдзяляюцца па прафесійных, партыйных, рэлігійных або іншых прыкметах) і недапушчэння такіх на выбарныя пасады, у апарат кіравання, праваахоўныя органы, на іншыя важныя пасады і ва ўстановы сістэмы адукацыі і дзяржаўных фінансаў.
Асаблівую ноту сёлетняй сустрэчы задавалі падзеі ва Украіне, якая ў свой час прамінула працэс люстрацыі і гэта істотна паўплывала на сённяшюю сітуацыю ў паўднёвай суседкі Беларусі. Менавіта таму на дыскусію быў запрошаны ўкраінскі праваабаронца Ўладзімір Яворскі, які з’яўляецца адным з распрацоўшчыкам варыянту законапраекту аб люстрацыі, які зараз знаходзіцца на разглядзе ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны.
“Наш заканапраект, адзін з чатырох, якія былі пададзеныя ў Вярхоўную Раду, базуецца на прынцыпах Еўрапейскага суду па правах чалавека, стандартах Рады Еўропы і разглядае люстрацыю не ў якасці пакарання, а як забарону займаць шэраг кіруючых пасадаў у органах дзяржаўнай улады, не кранаючы прыватны сектар з вызначэннем перыяду такіх абмежаванняў цягам 10 год. Праваабаронцы разглядаюць люстрацыю, як умову дэмакратыі і гарантыі невяртання мінулага”, - адзначыў Яворскі.
На яго думку, люстрацыя павінна ахапіць не толькі апошнія гады праўлення Віктара Януковіча, але і савецкі час, у адрозненне ад беларускай канцэпцыі, якая папануе вызначыць пачатак люстрацыйнага перыяду ад ліпеня 1994 года, моманту прыхода да ўлады Аляксандра Лукашэнка.
З такой пазіцыяй катэгарычна не згодзен грамадскі актывіст Вінцук Вячорка: “Зразумела, што з аднаго боку ня трэба надта запалохваць людзей, а люстрацыю разглядаць праз яе маральны ўплыў на грамадства”.
Аднак аналізуючы вопыт Польшчы, дзе люстрацыя насіла “мяккі” варыянт, што сёння прыводзіць гэтую краіну да пэўных праблем, Вячорка катэгарычна не згодны з часавымі рамкамі працэсу люстрацыі. На яго думку нельга па-за ўвагай пакідаць перыяд камуністычнага таталітарызму, паколькі “былыя савецкія ды імперскія агенты, якіх яшчэ шмат засталося на поставецкіх абшарах, чакаюць свайго часу” і адзначыў, што грамадзтву трэба ствараць атмасфэру маральнай патрабавальнасьці да тых, хто прагне ўлады ці мае яе. І тут жа прапанаваў: “Апазыцыйныя палітыкі маглі б самі паказваць прыклады адкрытасці, не прыхоўваючы складаных эпізодаў свае біяграфіі”.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб заявіў, што рана “ісці ў народ з канцэпцыяй і праектам закона, што патрэбна спачатку прыйсці да ўлады” і прапанаваў ініцыятарам і распрацоўшчыкам канцэпцыі не агучваць загадзя свае планы па люстрацыі ў Беларусі, каб тыя, хто зараз ва ўладзе не кансалідаваліся яшчэ болей, каб не рабілі контрзахадаў.
Пад час дыскусіі Вацлаў Арэшка зазначыў, што многія структуры, асаблівая сілавыя, пасля дэмакратычных пераменаў у краіне прасцей будзе стварыць з нуля, а Яворскі на гэта прывёў прыклад Грузіі: “Напрыклад у Грузіі ў суды набралі людзей з замежнай адукацыяй, маладых нармальных, якім гадоў па 30, і якія з ахвотай вярнуліся з-за мяжы, каб сумленна выконваць гэтую працу”.
Старшыня камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў прапанаваў, абапіраючыся на канкрэтныя прыклады, што люстрацыі павінны падлягаць ня толькі тыя, хто прэтэндуе на пасады ў дзяржаўным сектары, але і прадстаўнікі прыватных кампаній і арганізацый.
Журналіст Марат Гаравы перакананы, што люстрацыя патрэбная ў любым выпадку, а людзям важна патлумачыць, навошта яна, каб ня думалі, што вось мы прыйдзем кампаніяй ды будзем судзіць і вешаць на слупах.
Удзельнікі круглага стала у ходзе дыскусіі асобна закранулі тэму масавых фальсіфікацый пад час выбараў і магчымыя варыянты люстрацыі для ўдзельнікаў гэтых фальсіфікацый, а таксама пытанні абавязковага размежавання працэсу люстрацыі і крымінальнай адказнасці за пэўныя злачынствы, напрыклад за знікненне палітыкаў і журналіста з Беларусі.
Падсумоўваючы дыскусію, арганізатары абмеркавання канцэпцыі люстрацыі для Беларусі прыйшлі да высновы, што да працэсу люстрацыі беларускае грамадства неабходна рыхтаваць загадзя ды запрасілі да сумеснай працы прысутных, заявіўшы, што дзейнасць ў гэтым накірунку будзе працягвацца і надалей.