На 59-ым годзе жыцця памёр Ігар Жалязоўскі - спартсмэн-канькабежац, адзін з самых вядомых ураджэнцаў нашага горада. Жалязоўскага справядліва называлі лепшым і легендарным канькабежцам 80-х - 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён выступаў за зборную СССР, а потым і за зборную нашай краіны. Шэсць разоў ён быў чэмпіёнам свету, ставіў сусветныя рэкорды. Але Ігару не надта шанцавала на Алімпіядах. Алімпійскае золата за дзве Алімпіяды ён так і атрымаў. Затое меў бронзу і срэбра на дыстанцыі ў 1000 метраў.
Пасля сканчэння спартовай кар'еры, працаваў у спартовых арганізацыях: быў прэзідэнтам саюза канькабежцаў, сябрам нацыянальнага алімпійскага камітэту, прэзідэнтам Параалімпійскага камітэту. Нават спрабаваў сябе ў палітыцы - вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ад малавядомай Сацыяльна-спартыўнай партыі. Сама партыя стала праўладнай, а Жэлязоўскі перад выбарамі 2020 года некалькі разоў крытычна выказваўся ў бок Лукашэнкі і "салідарызаваўся з людзьмі" - як сказаў у адным з інтэрв'ю.
Пакуль пра прычыны смерці нічога не паведамляецца. Развітанне са спартоўцам адбудзецца ў панядзелак.