Працягваецца адборавы турнір на першынство Еўропы ў міні-футболе. Зборная Беларусі гуляе ў адной групе з камандамі Фінляндыі, Італіі і Мальты. Якраз паядынкі з фінамі чакаліся няпростымі і вырашальнымі для беларусаў.
Праз міжнародныя санкцыі свае намінальна хатнія гульні каманда нашай краіны праводзіць на нейтральным полі ў Вугоршчыне. Больш за тое, праз адмову фінскага боку падаваць сігнал паўсталі праблемы з паказам сустрэчы на тэлеканале «Беларусь 5». А фінскія гульцы адмовіліся паціскаць рукі беларусам, гэта праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны.
У першай сустрэчы беларусы перамаглі 3:0, адзін з галоў правёў гулец аршанскага «Вітэну» Павел Рагавік. Таксама ў зборнай гулялі Максім Батурын і Дзмітрый Швядко.
У другой сустрэчы фінскія гульцы загналі адзін мяч у сетку беларускага брамніка, аднак нашы землякі зноў вызначыліся тройчы — 3:1.
Цяпер чакаецца паядынак Мальта — Італія, тады цалкам будуць скончаныя чатыры туры з шасці. Пакуль Беларусь ачольвае табліцу, маючы 10 пунктаў. У Італіі 7 пунктаў, у Фінляндыі 3, у Мальты пунктаў няма.
Беларусам засталося згуляць з Мальтай і Італіяй. У першых гульнях з гэтымі супарамі нашы землякі разбілі мальтыйцаў 5:0, а з італьянцамі замірыліся 2:2.