Па амністыі, якую прымеркавалі да 17 верасня, выйшла 13 чалавек. Толькі прозвішчы іх уладамі не былі агучаныя публічна і таму інфармацыя пра тых хто патрапляе пад амністыю даходзіла на працягу другой паловы дня паступова. Амаль адразу было вядома пра вызваленне Максіма Шаўлінскага і Сяргея Рудзінскага.
Бліжэй да вечара стала вядома пра вызваленне яшчэ аднаго аршанца - Аляксея Коршуна. Ён быў асуджаны на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за "распальванне сацыяльнай варожасці". Па такім артыкуле праходзілі тыя хто таксама пакідаў негатыўныя каментары ў сацыяльных сетках у бок міліцыі. Праваабаронцы паведамляюць пра памілванне Аляксея, хаця раней гаварылася, што тыя хто патрапілі ў калонію не будуць вызваленыя цалкам, але ім будзе зменена мера стрымання на "хімію".
Варта адзначыць, што з 13 чалавек трое аршанцаў - гэта сапраўды шмат. З іншых гарадоў адпускалі ў лепшым выпадку па аднаму чалавеку. Напрыклад на ўсю Гомельскую вобласць вызваленыя ўсяго толькі два чалавекі.
На момант напісання артыкула, не вядомыя імёны яшчэ двух амніставаных палітвязняў.