Палітзняволеная Наталля Хершэ, якая паходзіць з Воршы, але апошняе дзесяцігоддзе пражыла ў Швейцарыі, працягвае адбываць пакаранне ў турме за сарваную з амапаўца балаклаву. Напярэдадні ў магілёўскай турме адбылося выязное пасяджэнне суду, якое вызначыла, што Хершэ «не стала на шлях выпраўлення», паведамляе Радыё Свабода. Сама Наталля іранічна апісала гэтае рашэнне.
«Мяне заўсёды гэта замілоўвае, нібыта нехта думаў, што будзе інакш. Гэтаксама і суд прыехаў у ПК-4. Суддзя аб’яўляе: «Суд выходзіць для прыняцця рашэння». Праз тры хвіліны вяртаецца, дастае з тэчкі «Рашэнне суду», ужо падпісанае і з пячаткай. Мне кажуць падпісацца, і дакладна такое ж «Рашэнне», другі ці трэці экзэмпляр, са сваёй тэчкі дастае сакратарка, якая нікуды не выходзіла. Я рассмяялася, кажу: «З кім жа вы там пра што раіліся? Бо ўсе рашэнні-пастановы ўжо гатовыя».
Чарговае пасяджэнне камісіі, якая зноў будзе разглядаць пытанне датэрміновага вызвалення Хершэ, адбудзецца праз 11 месяцаў. Але тады ў любым выпадку будзе нядоўга да вызвалення — тэрмін аршанкі скончыцца 27 студзеня 2023 году.
Раней Наталля Хершэ адбывала пакаранне, прызначанае рэжымам Лукашэнкі, у гомельскай жаночай калоніі, адтуль па рашэнні суду была пераведзеная ў турму. У калоніі яна адмовілася шыць форму для сілавікоў.
За кратамі Хершэ прасіла турэмную адміністрацыю дазволіць хаця б сухое малако ў рацыён, аднак атрымала адмову. Яна бяры ў мясцовай краме пернікі, марскую і квашаную капусту. Раней ён паставілі дыягназ астэапароз, яна лічыць, што гэта праз недахоп кальцыю і спрабуе выправіць здароўе.