15:00

+2

4 м/с

967 гПа

18:00

+1

5 м/с

967 гПа

21:00

-0

6 м/с

968 гПа

00:00

-0

7 м/с

971 гПа

03:00

-1

7 м/с

974 гПа

Орша, Палітыка

Гісторыя выратавання. +фота

28.07.2022 07:39

1632 прагляду, 0 каментароў

Гэтая гісторыя адбылася ў Оршы 9 жніўня 2020 года, але шырокі рэзананс яе адбыўся амаль праз два гады

9 жніўня 2020 года ў Оршы, як і ў многіх іншых гарадах, міліцыя жорстка збівала людзей, пры чым не толькі ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Тады быў збіты і аршанец Алег Іваноў. З РАУС ён быў дастаўлены ў бальніцу адкуль змог збегчы. Некалькі дзён мужчына проста паміраў дома, не мог хадзіць пакуль у справу не ўмяшалася Аршанская філія ПЦ «Вясна». Вясноўцы змаглі вывезці Алега на лячэнне за мяжу і, як аказалася, гэтым яго жыццё было выратавана. Літаральна дзень-два і мужчына мог памерці.

Тады мы пісалі пра гэтую гісторыю, але на фоне таго што адбывалася па краіне гісторыя не атрымала вялікага рэзанансу. Тады шмат каго збівалі, катавалі, некаторыя сталі інвалідамі, а ў асобных выпадках даходзіла і да забойстваў — таму гісторыя Іванова не была выключэннем. Амаль праз два гады гісторыя загучала ў СМІ наноў. Амаль адначасова пра прыгоды аршанца напісалі сайт Правабарончага цэнтру «Вясна» і пачала цыкл публікацыяў Радыё Рацыя.

Мы таксама перадрукоўваем гісторыю збіцця і выратавання Алега Іванова паводле ПЦ «Вясна» без правак.

Уратавалі за суткі да гібелі. Гісторыя аршанца, якога ледзь не забілі амапаўцы ў жніўні 2020 года

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае працу па збору і дакументаванні фактаў катаванняў грамадзян і бесчалавечага абыходжання з боку прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Адна з гісторый, пра якую стала вядома праваабаронцам, адбылася ў Оршы і звязаная з падзеямі жніўня 2020 года.

Жыхар Оршы Алег Іваноў да жніўня 2020 года працаваў аператарам кацельні, хаця мае сярэднюю медычную адукацыю. Ніколі не быў абыякавым да падзей, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве, шмат год з’яўляўся сябрам АГП, удзельнічаў у аднаўленні памяці знакавага для Оршы месца — Кабыляцкай гары, дзе ў сталінскія часы хавалі ахвяраў масавых рэпрэсій.

Але сёння Алег Іваноў распавядае пра адзін дзень у сваёй біяграфіі — 9 жніўня 2020 года — які мог скончыцца для яго трагічна, аднак нечакана паклаў пачатак новаму жыццю. Ён узгадвае тыя падзеі з хваляваннем і непрыхаваным болем.

— Пасля абеду 9 жніўня мы з сябрамі пайшлі на ўчасткі галасаваць, пры гэтым фатаграфавалі свае бюлетэні, каб хоць неяк супрацьстаяць фальсіфікацыі вынікаў. Многія былі з белымі бранзалетамі. Затым сталі чакаць абвяшчэння вынікаў галасавання. Але ўжо тады ў Оршы знік інтэрнэт.

Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі, каб не збіраліся каля выбарчых участкаў. Тады мы пайшлі ў цэнтр горада, думалі сабрацца там. Бачылі, як з тэрыторыі вайсковай часткі выехалі два аўтамабілі з вайскоўцамі ўнутраных войск.

У цэнтры Оршы ў многіх месцах былі ўжо выстаўленыя турнікеты. Відаць, улады баяліся штурму адміністрацыйных будынкаў.

Раптам з бліжэйшага двара нечакана выскачылі некалькі дзясяткаў амапаўцаў, пачалі блакаваць тых, хто сабраўся.

На мяне накінуліся адразу трое. Сталі збіваць дручкамі, я не ўтрымаўся і ўпаў на асфальт.

Тут пачалося самае страшнае. Лупцавалі ботамі, пры гэтым цэлілі па галаве, унутраных органах, моцна білі ў пахавіну. Праз некаторы час паднялі, звязалі скотчам рукі і закінулі ў аўтазак, дзе ўжо ў некалькі слаёў ляжалі людзі. Паверх нас закінулі чыйсьці ровар.

У Аршанскім РАУСе ўсіх з нашай партыі паставілі тварам да сцяны ў калідоры і працягвалі жорсткае збіццё. Ад болю я пачаў губляць прытомнасць.

Тады ўжо мяне ўкінулі ў камеру, у якой паўсюль былі бачныя крывавыя плямы.

Алегу стала блага і ўрэшце яму з неахвотай выклікалі «хуткую». Яго тэрмінова даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне першай гарадской бальніцы імя Сямашкі, дзе адразу паставілі кропельніцы, сталі праводзіць іншыя працэдуры. Аднак пры гэтым міліцыянты, якія яго суправаджалі, загадалі, каб Алега прыкавалі кайданкамі да ложка.

Праз некаторы час Алег пачуў, як нехта старэйшы пачаў крычаць, што хопіць лячыць «сімулянта», што яго трэба даставіць у ізалятар.

«Дык ён жа ў вельмі цяжкім стане, у яго адбітыя геніталіі і могуць быць дрэнныя наступствы,» — пераконвалі іх медыкі.

— Тады яны пакінулі ў шпіталі ахову і з’ехалі. Адна з медычак неяк змагла адамкнуць кайданкі і я праз чорны ход збег адтуль.

Разумеў, што дома мяне знойдуць, таму схаваўся ў сяброў. Аднак стан здароўя імкліва пагаршаўся, паднялася тэмпература, я ўжо не мог падняцца з ложка. З-за пашкоджаных геніталій нават у туалет не змог хадзіць. А да дактароў звяртацца не выпадала, гэта магло скончыцца затрыманнем.

Рабілася часам вельмі кепска, амаль не мог есці і спаць ад болю ў пахавіне. Час ішоў і я зразумеў, што доўга так не вытрымаю, што магу памерці. Тады прыйшлі на дапамогу людзі з «Вясны».

Ягоныя сябры забілі трывогу, пачалі шукаць варыянты каб вывезці Іванова за мяжу. Інакш усё магло скончыцца вельмі кепска.

Валанцёры адшукалі Іванова, пераканалі пагадзіцца на лячэнне. Меней чым за гадзіну была знойдзена арганізацыя, якая ўзяла б на сябе выдаткі па лячэнні Алега за мяжой, менш за суткі спатрэбілася, каб аформіць усе дакументы для выезду за мяжу. Усяго дзве гадзіны спатрэбілася, каб знайшоўся кіроўца-добраахвотнік, які за свой кошт мог бы вывезці пацярпелага да памежнага перахода.

На самым пачатку верасня на мяжы была затрымка з афармленнем. Тады тэрмінова ўмяшаліся латышскія лекары, якія ўжо з рэанімабілем чакалі на мяжы. Дактары былі шакаваныя станам Алега і папрасілі памежнікаў заняцца дакументамі пазней, бо патрабавалася экстранае лячэнне ў стацыянары. Яны папярэдзілі памежнікаў, што лік ідзе на гадзіны, і Алега можна не давезці да шпіталя жывым.

Іванова тэрмінова даставілі ў Рыгу, дзе літаральна праз пару гадзін правялі аперацыю, затым яшчэ адну. Гэта ўратавала аршанцу жыццё.

Затым быў доўгі шлях рэабілітацыі. Пасля дзесяцідзённага знаходжання ў шпіталі яго накіравалі ў рэабілітацыйны цэнтр ў Вайвары. Там ён нанава вучыўся хадзіць, доўга прыходзіў у сябе. Шмат у гэтым дапамагалі мясцовыя валанцёры.

— Дзякуючы «Вясне», якая зрабіла ўсё хутка, дзякуючы валанцёрам, я быў уратаваны. Інакш мяне не было б у жывых. А так я нібыта нарадзіўся нанава.

Postscriptum

У гэтай гісторыі шчаслівы канец. У тым жа 2020 годзе ў Вайвары Алег сустрэўся з латышкай Дзіянай, яны пасябравалі і неўзабаве сталі жыць разам. У Дзіяны, як і ў Алега, шмат агульных інтарэсаў і хобі. Яна дапамагла беларусу адаптавацца на новым месцы. Зараз Алег мае працу, у Латвіі, тут у яго з’явіліся новыя сябры. Аднак яшчэ і зараз даюць пра сябе знаць наступствы жорсткага і нічым не апраўданага збіцця жнівеньскім вечарам 2020 года.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Гісторыя выратавання. +фота

Гэтая гісторыя адбылася ў Оршы 9 жніўня 2020 года, але шырокі рэзананс яе адбыўся амаль праз два гады

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение