19 лістапада 1924 году нарадзіўся Рувім Аўцын — выбітны спартовы дзеяч Аршаншчыны. Сёння яму споўнілася бы 100 гадоў.
«Страціўшы многіх родных падчас Галакосту, узяўшы ўдзел у ІІ Усясьветнай вайне, у другой палове 40-х Рувім Аўцын вярнуўся ў Воршу, дзе займаўся арганізацыяй спартовых спаборніцтваў. Ён быў і дырэктарам, і інструктарам, і трэнэрам, і футбалістам, і судзьдзёй, і журналістам — усе гэтыя ролі ён паспрабаваў, каб прымаць удзел у аднаўленьні і прагрэсе аршанскага спорту.
На заводзе „Легмаш“ культывавалі шмат відаў спорту, але ножны шпурляк і каманда „Старт“ сярод іх займалі галоўную пазыцыю. Ёсьць вэрсія, што менавіта Аўцыну і ягоным літаратурным перавагам наша каманда абавязаная сваёй яркай і ёмістай назвай», — піша блог «Радыё Аршыца».
Рувім Аўцын да сваёй смерці ў сакавіку 1974 году ўзначальваў футбольны «Старт», даводзіў яго да фіналу Кубку БССР. Вялікія поспехі былі ў каманды і ў бэндзі, ці, як называлі від найчасцей у нас, рускім хакеі. Тут аршанская каманда часта не мела сабе роўных. Рувім Шмеркавіч не дажыў некалькіх месяуаў да свайго 50-годдзя, але назаўсёды пакінуў свой след у гісторыі аршанскага спорту. Цяпер ягонае імя больш вядомае дзякуючы некаторым архіўным знаходкам.