На мінулым тыдні ў Оршы прайшло маленькае, можа быць і не надта заўважнае, але важнае мерапрыемста. Літаральна дзесятак чалавек сабраліся на прэзентацыю фільма «Мы-политические», якое выйшла не так даўно і расказвае пра былых палітвязняў, якія выехалі з краіны і пра родзічаў палітвязняў. Ужо ў першых кадрах фільма Ігар Казмерчак, які стаў адным з герояў дакументалкі, тлумачыць чаму важна пісаць лісты палітвязням.
Пасля прагляду фільма прысутныя сазваніліся з Ігарам і онлайн паразмаўлялі пра палітвязняў, пра аршанцаў якія зараз за мяжой, пра іх жыццё і як яны ўладкоўваюцца пакінуўшы родны горад і краіну. Пад час відэа-звязку Ігар яшчэ раз заклікаў людзей пісаць лісты і паштоўкі тым хто зараз у зняволенні. Гэта важна, бо людзі часцей за ўсё зусім не маюць інфармацыі з волі, а ліст — гэта не толькі абмен інфармацыі, але і разуменне, што пра цябе памятаюць, цябе маральна падтрымліваюць. Такія лісты надаюць моцы і дапамагаюць пратрымацца ў стрэсавых умовах зняволення.
У выніку людзі напісалі некалькі дзесяткаў лістоў, якія былі накіраваныя палітвязням з нашага рэгіёна.
Заклікаем і вас як мага часцей пісаць нашым землякам у турмы, на «хімію». Адрэсы нашых землякоў мы час ад часу публікуем у асобных нашых артыкулах, а поўны спіс можна знайсці на сайце ПЦ «Вясна», які даступны — як і наш сайт — на тэрыторыі Беларусі праз сэрвісы VPN.