Некалькі дзесяткаў жыхароў абласнога цэнтру падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць змяненню рашэння Віцебскага гарвыканкама №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску" ды ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасці гэтага дакумента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Абласны каардынатар Руху "За Свабоду"Хрыстафор Жаляпаў атрымаў адмову.
У ёй гаворыцца, што Прэзыдыюм Савета Міністраў прыняў рашэнне не накіроўваць просьбу аўтараў калектыўнага ліста ў Канстытуцыйны суд. Без аніякіх тлумачэнняў, падкрэслівае Хрыстафор Жаляпаў. Актывіст таксама адзначае, што з Саўміна не адказалі на яшчэ адно пытанне – пра тое, каб у межах сваёй кампетэнцыі гэты орган самастойна ўнёс змены ў рашэнне Віцебскага гарвыканкаму, якое немагчыма выканаць:
"З часу прыняцця рашэння гарвыканкаму №881 у 2009 годзе грамадскім актывістам не далі дазволу ні на адзін пікет, ні на адзін мітынг, ні на адзін сход. Бо мясцовыя ўлады патрабуюць, каб разам з заяўкай на акцыю ініцыятары прыкладалі дамовы на абслугоўванне супрацоўнікамі міліцыі, ЖКГ, а таксама медыкамі. Гэтыя структуры ўхіляюцца ад заключэння дамоў любымі магчымымі шляхамі. З абласной управы МУС, як правіла, нам адказваюць, што будуць кіравацца законам аб масавых акцыях, а не рашэннем гарвыканкаму, які патрабуе папярэдняга заключэння дамоваў".
Юрыст Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі "Народная Грамада", удакладняе:
"Мы спадзяваліся, што Саўмін унясе карэктывы ў рашэнне гарвыканкаму хаця б дзеля таго, каб прывесці яго ў адпаведнасць са сваёй жа пастановай. Існуе адмысловая пастанова наконт узаемадачыненняў грамадзян з органамі міліцыі. І ў выпадку арганізацыі масавых акцый гэтая пастанова прадугледжвае такі механізм: грамадзянін звяртаецца да мясцовых уладаў з заяўкай на пікет ці мітынг, і ўжо ўлады звязваюцца з міліцыяй, каб тыя заключылі дамову з арганізатарамі. А ў Віцебску гарвыканкам загадаў грамадзянам звяртацца асабіста, і таму невялікае дзіва, што яны атрымліваюць адказы накшталт "заключым дамову, калі ўсё будзе ўзгоднена з мясцовымі ўладамі".
Ухіліўшыся ад адказаў па сутнасці, прадстаўнікі Савету Міністраў, падобна, з уласнай ініцыятывы пераадрасавалі зварот віцяблянаў у Міністэрства юстыцыі. Адтуль Хрыстафору Жаляпаву таксама прыйшоў ліст.
У лісце гаворыцца, што мясцовыя ўлады могуць самі ўсталёўваць парадак звароту па дазволы на вулічныя акцыі. Адно што мусілі канстатаваць у Мінюсце – дык гэта тое, што ў розных рэгіёнах прадугледжаны ўладамі парадак адрозніваецца. Паводле вынікаў вывучэння гэтай праблемы спадаром Гаўруцікавым, каля паловы мясцовых адміністрацый патрабуюць папярэдніх дамоваў, у тым ліку і з міліцыяй, а палова патрабуе дамоваў на абслугоўванне акцый ужо пасля таго, як яны будуць папярэдне дазволеныя.
"У лісце з Мінюста гаворыцца толькі, што няблага было б унесці нейкія змены і больш дакладныя фармулёўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Але нічога не сказана, ці будзе міністэрства ініцыяваць гэтыя змены", -- кажа Аляксей Гаўруцікаў.
Прадстаўнікі віцебскай грамадскасці першымі звярнуліся ў Савет Міністраў, каб адтуль распарадзіліся ўнесці змены ў рашэнне гарвыканкаму. Ранейшыя спробы ініцыяваць гэты працэс былі беспаспяховыя: з усіх інстанцый актывістам адказвалі, што рашэнне прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.
Цяпер віцебскія актывісты абдумваюць магчымасць звярнуцца наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі, паколькі Прэзыдыюм Саўміну адмаўляецца рэагаваць на парушэнні сваіх жа пастановаў. Тым больш, што парушэнні зафіксаваныя па ўсёй краіне, і да кампаніі, распачатай актывістамі ў Віцебску, далучыліся прадстаўнікі рэгіёнаў і цэлыя грамадскія структуры, прыкладам, Партыя БНФ і Рух "За Свабоду". Таксама спадары Гаўруцікаў і Жаляпаў абмяркоўваюць, ці не будзе паспяховым зварот у Канстытуцыйны суд непасрэдна: звароты прыватных грамадзян там не разглядаюць, але могуць звярнуць увагу на наяўнасць праблемы і распарадзіцца ліквідаваць юрыдычны пралік, які замінае грамадзянам рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы на мірныя сходы і публічнае выказванне ўласных меркаванняў.
Паводле інфармацыі ПЦ "Вясна"