Адвентысты 7-га дня не самая вялікая хрысціянская дэнамінацыя ў свеце і тым больш не самая вялікая ў нашым рэгіёне. Таму юбілей, які яны адсвяткавалі ў сярэдзіне красавіка быў незаўважны для шырокай грамадскасці. А святкавалі вернікі 30-годдзе аднаўлення служэнняў у нашым горадзе. Менавіта ў красавіку 1993 года адвентысты зноў змаглі сабрацца і маліцца афіцыйна ў Оршы. Але гэта аднаўленне, а не з'яўленне.
Яшчэ ў 1925 годзе ў Оршы ўзгадваецца існаванне новых пратэстанцкіх плыняў, такія як: адвентысты, баптысты і евангелісты. Адвентысты сфармаваліся ў ЗША прыблізна ў сярэдзіне 29-га стагоддзя і ўжо прыблізна праз 70 гадоў іх прыхільнікі былі ў Оршы. Тут яны маглі з'явіцца дзякуючы супрацы Савецкага Саюза з амерыканцамі.
ЗША - адна з нямногіх краінаў, якая была гатовая працаваць з савецкай улады ў пачатку 20-га стагоддзя. Гэта амераканцы будавалі прадпрыемствы ў СССР, пастаўлялі абсталяванне для іх і везлі шмат гуманітарнай дапамогі. Разам з такімі гуманітарнымі місіямі прыязжалі і прапаведнікі такіх новых канфесіяў. Прынамсі, так адвентысты і баптысты з'яўляліся на тэрыторыі Расеі. У Беларусі яны з'яўляліся яшчэ і дзякуючы працоўнай эміграцыі. Беларусы ў пачатку 20-га стагоддзя шмат ездзілі ў ЗША на заробкі і некаторыя з іх з'яўляліся ўжо як носьбіты новых поглядаў. Так, прынамсі, з'яўляліся новыя пратэстанты на поўдні краіны. Гэта толькі тэорыі, бо ў нашым рэгіёне тэма гісторыі пратэстантызму не даследавалася. І як першыя адвентысты з'явіліся ў Оршы, мы дакладна не ведаем.
Калі ж казаць пра больш ранніх пратэстантаў, то ў Оршы лютэране, кальвіністы і арыяне былі яшчэ ў 16-ым стагоддзі.