Факт 1. Частка гарадская і частка вясковая. Андрэеўшчына — прыгарадная вёска, настолькі прыгарадная, што за 20-е стагоддзе большая частка вёскі была далучана да горада. Гэтая частка з цягам часу стала асобным немалым раёнам і атрымала неафіцыйную назву "Цагляны". Зразумела, што назву такую раён атрымаў з-за цаглянага заводу, які тут быў калісці. Тым не менш, і назва Андрэеўшчына нікуды не падзелася. Тыя, хто не называе раён Цагляным, працягваюць называць яго Андрэеўшчынай. Такім чынам адна назва разыйшлася на два паселішчы: яна захавалася за самой вёскай і захавалася ў частцы гарадскога раёна.
Факт 2. Кабыляцкая гара. Менавіта побач з Андрэеўшчынай знаходзіцца ўрочышча "Кабыляцкая гара". У 30-я гады тут камуністы расстрэльвалі людзей. Знайшлі гэтыя пахаванні выпадкова. Калі ў 80-я гады сюды пацягнулі тупіковую чыгуначную ветку, то падчас земляных работаў знайшлі чалавечыя косткі. Гэта быў 1982 год, кіраваў СССР былы начальнік КДБ Андропаў і таму вельмі дзіўна, што ў Оршы ствараюць адмысловую камісію для вывучэння гэтых пахаванняў. Камісія прыходзіць да высновы, што гэтыя людзі — 50 чалавек — былі забітыя ў 30-я гады супрацоўнікамі НКУС. Пра гэта быў складзены адмысловы акт, які на некалькі гадоў схавалі ад грамадскасці. Далей прафесійных даследаванняў тут не было, хаця ва ўрочышчы і знайшлі яшчэ шмат расстрэльных ямаў, капаць іх не сталі. Таму і невядомая дакладная колькасць расстраляных на Кабыляках. Называюцца розныя лічбы: ад 300 чалавек да 3000.
Факт 3. Крумкачы на Кабыляцкай гары. Шырока вядома пра расстрэлы ў Кабыляках стала ў 1990 годзе. Тады пра сталінскія рэпрэсіі пачалі пісаць у газетах, абмяркоўваць, ужо выйшаў артыкул Зянона Пазняка "Курапаты-дарога смерці", які стварыў неймаверны грамадскі рэзананс. Тэму вывучаюць гісторыкі і краязнаўцы. У гэтых умовах адна з аршанскіх чыноўніцаў перадае акт 1982 года краязнаўцу Юрасю Копціку, які ўжо збіраў успаміны жывых яшчэ сведкаў. Гэты акт і стаў асновай для артыкулу "Крумкачы на Кабыляцкай гары", які выйшаў у газеце "Літаратура і мастацтва" ў кастрычніку 1990 года.
Але першае ўскладанне кветак ва ўрочышчы, дзе яшчэ не было помніка, прайшло годам раней. Публікацыя акту стала толькі падцверджаннем тых злачынстваў, а пра само месца расстрэлаў людзі ўсё адно помнілі.
Факт 4. Гэта не адзінае месца расстрэлаў. Так, тое што адбывалася на Кабыляцкай гары, было не выключэннем. Вакол Оршы ёсць і іншыя месцы масавых расстрэлаў, але пра іх будзем гаварыць, апісваючы іншыя вёскі. Але ж вакол Аршаншчыны ёсць і яшчэ адно месца дзе адбываліся расстрэлы. Калі ехаць у бок Андрэеўшчыны, то адразу пасля транспартай развязкі можна пабачыць невялікі лес. Юрка Копцік, збіраючы ўспаміны сведкаў, выявіў, што і ў гэтым лесе (тады большым па памеры) таксама адбываліся расстрэлы, але ў іншы час. Тут леглі першыя ахвяры камуністаў, паводле зафіксаваных успамінаў, тут расстрэльвалі людзей яшчэ ў 20-я гады. Але, зноў жа, археалагічна гэты лес не даследаваўся.
Факт 5. Нямецкія расстрэлы. Глыбей у лес, менш чым праз кіламетр ад помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій ёсць яшчэ адзін помнік. Гэта помнік ахвярам нацысцкіх расстрэлаў. Але не варта думаць, што такім чынам камуністы хацелі падмяніць расстрэлы свае на нямецкія, як гэта было з Катынню-Хатынню. Тут сапраўды ёсць пахаванні ахвяраў нацыстаў, якія таксама, дарэчы, сур'ёзна не даследваліся, таму лічба, напісаная на помніку, насамрэч выдуманая. Яшчэ адзін нюанс — немцы тут не расстрэльвалі людзей. Тут пахаваныя людзі, якія былі расстраляныя ў самой Оршы, у аршанскай турме.
Але менавіта сюды, на Кабылякі, целы забітых вывозілі для пахавання. Гэта была звычайная практыка для нацыстаў — сваіх ахвяраў яны часта хавалі ў тых месцах, дзе сваіх ахвяраў ужо пахавалі камуністы, але ж паміж месцамі пахаванняў сталінскіх і гітлераўскіх дастатковая адлегласць, каб яны не паблыталіся.