У снежні мінулага году Ворша не толькі адзначала чарговую дату Магдэбургскага права – летась мінула 955 гадоў ад першай згадкі паселішча ў летапісе.
З гэтай нагоды я вырашыў перарабіць у адмысловае выданне сваю дыпломную працу, якую напісаў да сканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Зразумела, што давялося шмат што удакладніць, дапрацаваць, адкарэктаваць.
Грошы на раздрукоўку кнігі мы з жонкай выдаткавалі з сямейнага бюджэту, і дзякуючы гэтаму ў снежні 2022 году мая кніга пад назвай “Рша, Орша, Ворша” стала трапляць да некаторых чытачоў.
Натуральнымі былі планы пра сустрэчы з чытацкай аўдыторыяй, каб можна было паразмаўляць з зацікаўленымі людзьмі і пра мае мэты, і пра зробленыя даследаванні, і пра найбольш важныя ідэі, якія пакуль засталіся няздзейсненымі.
Аднак зладзіць сустрэчы , на жаль, не атрымалася: спачатку напаткалі ўскладненні пасля перанесенага ковіду, а пазней і выкліканымі праз гэтую хваробу цукровым дыябетам ды інсультам.
Крыху акрыяўшы ад праблемаў са здароўем, я зноўку адчуваю пэўныя недавыкананыя абавязкі перад сваімі чытачамі -- асабліва тымі, да каго мая кніга не дайшла, але магла б быць цікавай і карыснай.
Размову хацелася пачаць з таго, што яшчэ падчас навучання на гістарычным факультэце БДУ я заўважыў, што наша гісторыя ў большасці выданняў апісваецца штучна, на чужы манер, бо яе шчыльна звязвалі з гісторыяй Расіі. У савецкі час на яе знарок накідваліся ідэйныя марксісцкія меркаванні. Таму, зробленая на расейскі капыл, яна на выглядала ні самабытнай, ні цікавай, бо з яе
былі выхалашчаны ўнікальныя з’явы.
Напрыклад, у нашай гісторыі не надавалася належнага значэння гарадам і гарадскога самакіраванню, падрабязна не разглядаўся перыяд Рэфармацыі і пратэстанцтва – а якраз гэта сведчыла пра ўключанасць беларускай гісторыі ў плынь агульнаеўрапейскай развіцця.
Падрабязныя даследаванні на гэтыя тэмы былі зробленыя C.А. Падокшыным і З.Ю. Капыскім толькі ў 60 -70 гады ХХ стагоддзя.
Варта адзначыць зробленае гэтымі навукоўцамі, працытаваўшы радкі з аўтарэферата дысертацыі З.Ю.Капыскага ў 1967 годзе:
«Как бы медленно не проходило развитие белорусских городов, они оказали глубокое влияние на все феодальное общество Белоруссии. Сформировав городское сословие, нарушив изолированность и замкнутость отдельных территорий страны, города Белоруссии явились одной
из предпосылок формирования и развития белорусской народности и её культуры. Они подготовили почву для гуманистического и реформационного движения в Белоруссии».
Зыходзячы з гэтага, у сваёй кнізе я не проста прыгадваю і сістэматызую факты, датычныя гісторыі Воршы, а падкрэсліваю, што развіццё горада адбывалася ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі і культуры.
Я гатовы даслаць усім ахвотным сваю кнігу праз Белпошту. Вельмі спадзяюся, што гэткім чынам яна абавязкова патрапіць да тых, каму будзе важнай і цікавай. Кошт выдання 20 рублёў.
Перадаплаты не трэба: у дзень атрымання на пошце вы адразу аплочваеце і кошт кнігі, і кошт перасылкі. Заяўкі з пазначанымі адрасамі можна дасылаць на мой электронны адрас [email protected]