Мастачка Аршанскага льнокамбіната перапрацавала малюнак з інтэрнэту, пасля яго зацвердзілі, надрукавалі на ручніках і накіравалі ў продаж. Калі прадукцыя дайшла да Расеі, там на прылаўках яе заўважыла аўтарка малюнка і падала на беларускае прадпрыемства ў суд за парушэнне аўтарскіх правоў. У Воршы выплацілі кампенсацыю, а зараз патрабуюць з супрацоўнікаў кампенсацыі сумы, піша «Зеркало».
Мастачка яшчэ ў 2020 годзе атрымала заданне намаляваць навагодні малюнак для ручнікоў. У аддзеле маркетынгу проста спампавалі з інтэрнэту выяву бычка з самаварам і перадалі мастачцы як ідэю: там палічылі, што такія вырабы спадабаюцца пакупнікам і будуць карыстацца попытам. Мастачка змяніла дэталі: фон, шапку, замест самавара намалявала баян, а замест ботаў — валёнкі.
Калаж: t.me/free_vtb_by
У такім выглядзе начальнік аддзела распрацоўкі новага асартыменту прадукцыі зацвердзіў малюнак, яго надрукавалі, і ручнікі пусцілі ў продаж.
Мяркуючы па ўсім, гэтыя кухонныя ручнікі ў Расеі на прылаўках убачыла мясцовая мастачка і аўтар арыгіналу. Яна падала ў маскоўскі суд на аршанскае прадпрыемства за парушэнне аўтарскіх правоў. І выйграла працэс. Вытворцу прыйшлося выплачваць кампенсацыю — разам з судовымі выдаткамі выйшла больш за 6000 беларускіх рублёў.
Пасля ў суд падало ўжо само прадпрыемства — там абвінавацілі мастачку ў неналежным выкананні абавязкаў і запатрабавалі, каб яна кампенсавала частку выдаткаў. Тая ў адказ указала на начальніка аддзела маркетынгу, супрацоўнікі якога далі ёй узор, і свайго кіраўніка.
Суд вывучыў службовыя інструкцыі ўсіх супрацоўнікаў і вырашыў, што аддзел маркетынгу, хоць і прапанаваў узор, не мае дачынення да ўзгаднення малюнкаў, таму яго кіраўніка прыцягваць да адказнасці не сталі.
А вось мастачку і яе начальніка суд у лютым 2023 года прызнаў вінаватымі ў парушэнні аўтарскіх правоў. Суму, якую заявіў ільнокамбінат, падзялілі: мастачка павінна будзе выплаціць 2764 рублі, а яе кіраўнік — 3378 рублёў.
Сама мастачка зараз у дэкрэце і, верагодна, не чакала такіх пазапланавых расходаў. Яна абскардзіла прысуд, але Віцебскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.