Хаця Аршанскі Следчы камітэт лічыцца міжраённым, у ім працуе не так і шмат людзей. І хаця аніякай шуміхі ў сувязі са звальненнем адразу двух кіраўнікоў арганізацыі не было - пра іх нават не напісалі дзяржаўныя СМІ, гэта аб'ектыўна для Аршанскага СК праблема. Тым больш, што агулам Аршанскі СК узначальвалі тры чалавекі: кіраўнік і два намеснікі.
Адносна нядаўна сыйшоў са Следчага камітэту яго аршанскі кіраўнік Дзмітрый Бохан. Такая пасада не мае на ўвазе залішнюю публічнасць, таму інфармацыі пра гэтага чалавека мала. Вядома, што ён дастаткова шмат гадоў кіраваў аддзелам, удзельнічаў ва ўсенародным сходзе і выконваў задачы па рэпрэсіях як у 2020 годзе і пазней, так і раней. Пры гэтым пенсійнага ўзросту ён пакуль не дасягнуў, хаця ўжо ёсць выслуга гадоў, якая дае права на адмысловую пенсію. Магчыма менавіта гэтай выслугі і чакаў Дзмітрый Бохан, каб звольніцца па ўласным жаданні.
Таксама сыйшоў і адзін з яго намеснікаў - Васілёнак. Цяпер усе кіраўнічыя функцыі па-сутнасці выконвае адзіны застаўшыся намеснік кіраўніка Павел Пруднікаў.