Белагаловы сіп, якога спачатку пабачылі ў Лёзненскім раёне, ужо тыдзень з'яўляецца зоркай беларускіх СМІ. Сапраўды, птушка вельмі харызматычная ды не баіцца фатаграфавацца. Нагадаем, што тыдзень таму яго ўпершыню пабачылі ў вёсцы Выхадцы суседняга раёна, а ўжо ўчора сіп разбураў буслянкі ў вёсцы Ларынаўка Аршанскага раёна.
Сайт "Народныя навіны Віцебска" выставіў сваю версію адкуль узяўся сіп у Беларусі. Па меркаванні аўтараў сайта, птушка прыляцела да нас з Расеі. Бо за некалькі дзён да з'яўлення яе пад Лёзна белагаловага сіпа заўважалі ў вёсцы Казуліна Сафронаўскага раёна Смаленскай вобласці. Відавочна, што гэта той жа самы сіп - не можа быць, каб іх адначасова прыляцела два. Таксама ННВ выказвае здагадку, што птушка магла быць пацыентам рэабілітацыйнага цэнтра або жыхаром заапарку, бо яна не баіцца людзей. Там жа, пражываючы з людзьмі, ён мог змяніць і свае густы. У прыродзе сіпы падальшчыкі, а гэты пачаў забіваць буслянатаў — практычна муціраваў.
У Расіі гэтая птушка жыве ў гарах Каўказа і ўваходзіць у Чырвоную кнігу.