Раней мы паведамлялі пра тое, што Самір выйграў адбор і прадставіць Воршу на міжнародным фестывалі мастацтваў. У выніку аршанец не толькі годна прадставіў свой горад, але і заваяваў на конкурсе першае месца.
Конкурс праходзіў з 12 па 16 ліпеня. Як паведамляе беларуская дзяржаўная і расейская прэса, што працавалі ў Віцебску сёлета, старшынём журы быў народны артыст Расеі Дзьмітрый Малікаў.
Дзве песні, якія выканаў Ёлчыеў на сцэне ў Віцебску — «Чырвоная ружа» і «I’m feeling good». Яму дастаўся дыплом, 15 тысяч даляраў і ліра першай пробы.
Самір Ёлчыеў — беларус азербайджанскага паходжання. Музычную адукацыю атрымаў у студыі эстраднага вакалу «Рафлезія» і ў Бабініцкай музычнай школе па класе цымбал. Вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, атрымаў кваліфікацыю педагога, артыста і мастацкага кіраўніка эстраднага калектыва.
З 2016 года аршанец неаднаразова перамагаў на міжнародных, рэспубліканскіх, рэгіянальных конкурсах і фестывалях. Мае досвед працы з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі.
Цікава, што дыпламантам конкурсу таксама стаў чалавек з азербайджанскімі каранямі, але з самога Азербайджану — Эльвін Наўрузаў.