Выканкам абвесціў электроннае галасаванне на тэму дзе будаваць Палац шлюбаў у нашым горадзе. Пры гэтым праэкт не прадстаўлены. Ды і няма пытання: а ўвогуле ён патрэбны ў Оршы гэты Палац шлюбаў? Мы вырашылі пашырыць выканкамаўскае апытанне на некалькі пунктаў і прапануем вам прагаласаваць за свой варыянт на галоўнай старонцы сайта orsha.eu і ў некаторых нашых сацыяльных сетках.
Варыянт першы: не будаваць увогуле. Калі інфармацыя пра апытанне з'явілася ў сацыяльных сетках, то набольш каментатараў скептычна паставіліся да самой ідэі такога Палацу. Маўляў, у горадзе хіба няма іншых дзірак куды трэба засунуць грошы? Чым вам не падабаецца сёняшні будынак? І самы лаканічны каментар: не трэба псаваць выгляд горада. Сапраўды, улічваючы якія будынкі апошнім часам будавалі ў горадзе, сумніўна, што гэта будзе эстэтычна. Таму першы варыянт у нашым апытанні ставім менавіта такі.
Варыянт другі: на вуліцы Мінскай за "Жемчужиной". Гэта адзін з двух варыянтаў, які прапаноўвае выканкам. Маецца на ўвазе пустыр на беразе Дняпра.
Варыянт трэці: Каля Езуіцкага калегіюма. Гэта таксама варыянт прапанаваны выканкамам. Езуіцкі калегіюм сёння адзін з нямногіх захаваўшыхся гістарычных будынкаў у Оршы. На шчасце і будынкі побач з ім не сучасныя і гэта стварае нармальны комплекс гістарычнай забудовы. Сумніўна, што архітэктары змогуць упісаць новы будынак у гістарычную забудову - у Беларусі гэта кепска атрымліваецца.
Варыянт чацьверты: Каля Лядовага палацу. Чаму б не? Месцы тут ёсць, фантан, плошча і г.д. Што трэба яшчэ для нармальнага святкавання? Тым больш, што тут Палац любой архітэктуры не сапсуе ансамбль.
Варыянт пяты: На вуліцы Савецкай каля алеі сем'яў. Ну, а навошта ж яе стваралі ды яшчэ і скульптуру ставілі. Як раз такі тут Палац шлюбаў мог бы сам скласці лагічны тэматычны ансамбль.
Варыянт шосты:Лепш выкарыстоўваць палац культуры Ільнокамбіната. Гэты цікавы варыянт нам падказаў наш чытач. Навошта будаваць новы палац, калі ў горадзе ўжо стаіць Палац, які амаль не выкарыстоўваецца, а ўтрымліваць яго трэба. Сапраўды шыкоўны будынак на плошчы Ільнокамбіната стаў гарадскім палацам культуры, а публічных мерапрыемстваў тут мала. Жэняцца звычайна па суботах. Дык чаму б раз на тыдзень гэты будынак і не аддаваць маладажонам.