А адбылося ўсё яшчэ ў мінулым годзе 23 лістапада, калі на вуліцы ўжо ляжаў снег. Кампанія з некалькіх чалавек вырашыла пагуляць па першым снезе на прыродзе. На аўтамабілі яны накіраваліся да летніка Лянок каля Харкаўкі. Акрамя машыны ў кампаніі быў яшчэ і цюбінг. І кампанія сумясціла цюбінг з аўтамабілем.
Цюбінг і без таго дастаткова траўманебяспечная забава, у Беларусі нават абмяркоўвалася яго забарона. А тут яшчэ і з аўтамабілем...
Прычапіўшы цюбінг да легкавушкі яны паехалі. Кіроўца гнаў не моцна - не больш за 20 кіламетраў у гадзіну, а на цюбінгу сядзела два чалавекі. І пакуль уся гэтая канструкцыя ехала па прамой дарозе, то ўсім было весела. Але на павароце санкі нават на гэтай хуткасці занесла і абодва пасажыры ляпнуліся ў ёлку. У выніку ў аднаго з іх атрымалася траўма ад якой ён страціў свядомасць. Потым дактары выявілі ў яго некалькі пераломаў, у тым ліку пераломы першага і трэцяга пазванкоў.
Вінаватым, канешне, аказаўся кіроўца. Суд прыгаварыў яго да 1 года папраўчых работаў і пяці гадоў пазбаўлення правоў. І хаця ўсе пакатушкі адбываліся цалкам добраахвотна, пацярпелы запатрабаваў кампенсацыі ад кіроўцы ў 5.000 рублёў, што таксама было задаволена судом.