Пры актыўным удзеле войска і міліцыі на Аршаншчыне працуе так званы «вайскова-патрыятычны» лагер «Фарпост». У яго актыўна залучаюць падлеткаў.
Лагер працуе пры вайсковым камісарыяце Аршанскага і Дубровенскага раёнаў.
Як расказаў прэс-службе абласной міліцыі начальнік Інспекцыі ў справах непаўналетніх УУС Аршанскага райвыканкама Дзмітрый Вішнеўскі, на працягу дзесяці дзён юнакі пройдуць курс маладога байца, навучацца элементам шыхтавай падрыхтоўкі, вывучаць стралковую зброю, навучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу і разводзіць рознага віду вогнішчы.
Пасля сфальсіфікаваных уладамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 году некалькіх чалавек асудзілі за абразу міліцыянта Вішнеўскага, паведамлялі праваабаронцы.
У рамках «лагеру» падлеткаў прывядуць на адкрыты суд. Як гаворыцца ў паведамленні міліцыянтаў, падлеткі прымуць удзел у адкрытым пасяджэнні суда па абвінавачанні падлетка ва ўчыненні злачынства ў сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў. Такія публічныя суды «з прыцягненнем грамадскасці» выкарыстоўваліся дзеля прапаганды і застрашэння яшчэ савецкімі ўладамі.