Зацверджаны праект зон аховы жылога корпуса былога трынітарскага кляштара па вуліцы Камсамольская, 21 у Воршы. Аднак ён прыйшоўся да густу не ўсім.
Аўтарытэтны тэлеграм-канал «Спадчына», які асвятляе пытанні беларускай архітэктуры, будынкаў, гісторыі, вельмі крытычна пракаментаваў праект.
«Нічога цікавага ў яго не закладзена, наадварот, выкананы ён досыць фармальна. Да кляштара натуральным чынам прымыкаў касцёл Святой Тройцы, знішчаны камуністамі ў 1960 годзе ў рамках антырэлігійнай кампаніі. Але ў праекце яго абрысы ніяк не паказаны, у тэксце няма ніводнай згадкі пра магчымасць і неабходнасць аднаўлення гэтага важнага элемента гістарычнага комплексу, або хаця б выяўлення на мясцовасці (брукам, азеляненнем).
Праігнараваны і той факт, што гістарычна кляштар ахопліваў куды большую тэрыторыю. У праекце цалкам адсутнічае зона аховы архелагічнага пласта — 300 гадоў людзі жылі тут, вялі сваю гаспадарчую і рэлігійную дзейнасць, а культурны пласт не нарасцілі, так атрымліваецца?
Цяпер земляныя работы могуць цалкам законна без навуковага суправаджэння праводзіцца па падмурках дапаможных пабудоў, агароджы без іх вывучэння, фіксацыі і захавання, археалагічныя артэфакты, разам з зямлёй будуць проста вывозіцца куды-небудзь.
Гэта ўжо не першы праект, дзе на археалогію забілі. Цікава, чаму на гэты факт распрацоўшчыкам не паказваюць спецыялісты Мінкультуры, праз чые рукі праходзяць усе праекты?»
А што вы думаеце пра гэты праект і яго рэалізацыю? Напішыце нам.