Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў суд крымінальную справу аб прычыненні смерці па неасцярожнасці дзвюм дзяўчынкам. Абвінавачваецца 41-гадовы мужчына, які штурхаў надзіманы матрац з дзецьмі.
Трагедыя адбылася сёлета 26 жніўня на возеры Леванова ў Сенненскім раёне, і пра яе пісаў наш сайт.
Мужчына адпачываў на возеры з сям’ёй і сябрамі. Па матэрыялах следства, ён выкарыстоўваў небяспечны і не прызначаны для вады надзіманы матрац.
На матрац забраліся 9-гадовая і 6-гадовая дочкі сяброў, а таксама 9-гадовы сын самога мужчыны. Як адзначаецца, яны «не мелі дастатковых навыкаў плавання». Мужчына штурхаў перад сабой матрац з дзецьмі, якія сядзелі на ім, і той апынуўся за 110 метраў ад берага ў месцы з глыбінёй больш за тры метры.
«Праз некаторы час матрац перавярнуўся, і дзеці апынуліся ў вадзе. У выніку нядбайных злачынных дзеянняў мужчыны малалетнія дзяўчынкі патанулі», — распавялі ў пракуратуры.
Крымінальная справа аб прычыненні смерці па неасцярожнасці дзвюм асобам (ч. 2 арт. 144) накіравана ў суд.
У жніўні МНС паведамляла, што мужчына разам з сынам паплыў у бок берага, а ў гэты час дзве дзяўчынкі пайшлі пад ваду. Пасля іх целы дасталі вадалазы.