Да нядаўняга часу сталоўка Аршанскага мясакамбіната магла пахваліцца не толькі тым, чым звычайна хваляцца сталовыя — даступным меню, але ўнікальным інтэр’ерам, які захаваўся з савецкіх часоў. Вялізнае пано з керамікі, літыя блокі, арыгінальныя жырандолі, драўляны дэкор — створаны мастакамі ў 1970-я гады інтэр’ер выгадна вылучаў завадскую харчэўню сярод іншых месцаў такога прызначэння на вытворчых аб’ектах.
Але затым тут зрабілі рамонт — і ад былой прыгажосці не засталося следу. Знішчэнне савецкага манументальнага мастацтва заўважыла старонка Belarusian Soviet Monumental ART.
«Вы думаеце, што гэтая прыгажосць ёсць? На жаль, яе ўжо няма. У сталоўцы зрабілі рамонт. Усё стала „чысценька і акуратненька“», — пракаментавалі знішчэнне пышнага інтэр’еру эксперты.
«Аршанская газета», якая ў чэрвені 2023 напісала пра адноўлены інтэр’ер і комплексныя абеды сталовай, ні словам не ўзгадала пра былое яскравае і адметнае аблічча памяшкання. Газета засяроділася на тым, што абноўленая асноўная зала разлічаная на 100 месцаў, а другая — на 40 чалавек.
Цікава, як улады ставяцца да савецкай спадчыны. Якраз аздабленне некаторых памяшканняў варта было б захаваць, даводзячы да ладу праблемныя месцы, сцвярджаюць эксперты. Але замест гэтага робяцца безаблічныя стандартныя залы. Так Ворша страціла вельмі адметную выглядам сталоўку.