Перасоўны музей «Цягнік Перамогі» прыбудзе ў Беларусь 21 чэрвеня, паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.
Як паведамляецца, у 2021–2022 гадах «Беларускай чыгункай» сумесна з Расейскай чыгункай быў паспяхова рэалізаваны «гісторыка-асветніцкі і грамадска-патрыятычны» праект «Цягнік Перамогі». У 2024 годзе ўнікальны перасоўны музей зноў прыбудзе ў Беларусь.
З 21 чэрвеня па 21 ліпеня перасоўны музей пабывае ў 23 гарадах. З яго экспазіцыяй змогуць азнаёміцца жыхары ўсіх абласцей Беларусі і сталіцы - Менску. Першы прыпынак «Цягнік Перамогі» зробіць у Берасці 21 чэрвеня. Далей ён пройдзе па гарадах: Пінск, Лунінец, Баранавічы, Ворша, Магілёў, Крычаў, Горкі, Віцебск, Полацак, Менск, Маладзечна, Ліда, Гародня, Ваўкавыск, Салігорск, Слуцак, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін, Калінкавічы, Рэчыца.
Маршрут «Цягніка Перамогі» складзены з улікам знамянальных і памятных дат Рэспублікі Беларусь, а таксама тэхнічнай магчымасці інфраструктуры «Беларускай чыгункі».
У складзе цягніка 10 тэматычных вагонаў, дзе прадстаўлены пераход ад аднаго гістарычнага эпізоду да іншага: перадваенныя гады – вайна – перамога. Цягнік прадстаўляе савецка-расейскі ракурс той гісторыі.
Экскурсія праводзіцца з аўдыёгідам, а ў адным вагоне адначасова могуць знаходзіцца не больш за 12 чалавек. Агульны час экскурсіі складае 45 хвілін. Выстава мае ўзроставыя абмежаванні 12+.