Гэты месяц ва ўсім свеце палічылі адным з самых спякотных у свеце - наступства глабальнага пацяплення. Па Оршы не скажаш, што ён быў неяк рэкордна цёплы. Але ж на апошнім тыдні чэрвеня надвор'е сапраўды стала вельмі цёплым. Ужо сёння сіноптыкі абяццаюць па Оршы тэмпературу да +29 градусаў і чыстае неба. А заўтра - 27-га чысла - тэмпература дапаўзе і да 30 градусаў. Калі падабаецца цёплае надвор'е - віншуем!
У пятніцу тэмпература падымецца яшчэ больш - да плюс 32 градусаў і ўвесь гэты час без ападкаў і амаль без воблачнасці. Выходныя клічуць на вадаёмы, але варта мець на ўвазе, што ў гэтым годзе па нашай вобласці вялікая колькасць тапельцаў. Таксама варта разумець, што ў двух суседніх раёнах (Шклоўскі і Круглянскі) уведзены абмежаванні на наведванне лясоў. Відавочна, што да выходных забароны на наведванне лясоў - пры такім цёплым надвор'і - пашырацца.