Барыс Ласкін нарадзіўся 22 ліпеня 1914 года ў Воршы. Першапачаткова сям’я Ласкіна жыла ў доме на скрыжаванні сённяшніх вуліц Леніна і Камсамольскай. Дом знаходзіўся на месцы гарадскога парку. З 1919 па 1922 гады сям’я жыла па адрасе вуліцы Менская д. 26. На жаль, будынак не захаваўся, гарадскія ўлады знішчылі яго ў працэсе падрыхтоўкі да «Дажынак», пазбавіўшы Воршу яшчэ аднаго прыцягальнага пункту. Аршанцы змагаліся за дом, пісалі звароты, у ім нават прапаноўвалі адкрыць невялікую рэстарацыю жыдоўскай кухні, але кіраўніцтва на чале з Валерыем Шабадалавым адкінула ўсе прапановы і не пашкадавала гісторыі.
Пазней сям’я пераехала ў Маскву. На першы час Ласкіны жылі ў будынку колішняй карчмы на Таганцы. А гэта — вельмі тэатральна-кінематаграфічнае атачэнне. Яшчэ школьнікам Барыс пачаў пісаць першыя вершы, якія друкаваліся ў часопісах «Смена» і «Пионер». У 20 гадоў ён уладкаваўся на кінастудыю «Мосфильм» шумавіком, агучваў для наведнікаў кінатэатру фільмы, дзе канчаткова захапіўся кінематографам. Паступіў ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі на сцэнарны факультэт, які скончыў у 1935 годзе.
Першы фільм паводле сцэнару Ласкіна «Сын джыгіта» быў зняты ў 1940 годзе. У 1940 годзе ў выглядзе песні выходзіць яго чарговы тэкст «Спят курганы тёмные» для фільма Л.Лукіна «Большая жизнь».
Але пачалася ІІ усясветная вайна. Барыса на фронт не ўзялі з прычыны сухотаў. Таму ў гады вайны ён быў вайсковым карэспандэнтам. Пісаў шмат для франтавых газет і тэатраў. Лётаў у жаночы паветраны полк, напісаў аб лётчыцах п’есу, якая доўга ішла ў Тэатры Савецкай Арміі. У 1943 годзе ў Ташкенце выходзіць першая кніга Ласкіна «Песни».
У апошнія гады вайны атрымлівае вядомасць як аўтар гумарыстычных апавяданняў. Супрацоўнічае з газетай «Красная Звезда», дзе друкуецца ў рубрыцы «Вясёлыя апавяданні», у цыкле «В 6 часов после войны». Найбольш вядомыя апавяданні гэтага перыяду:. «Свидание», «Страшная месть», «Зенитные комары».
Пасля вайны актыўна займаецца драматургіяй. Каб напісаць п’есу «Небесное создание» выязджае ў творчую камандзіроўку на фронт у 46-й гвардзейскі Таманскі авіяполк, дзе некаторы час пражываў. Прэм’ера адбылася ўлетку 1945 года ў тэатры Ленінскага камсамола. Піша Барыс Савельевіч пераважна камедыі.
Першым поўнафарматным кінасцэнар для яго стаў «Весенние голоса» ў 1955 годзе. Пры гэтым працягвае пісаць і ў іншых жанрах. У гэтым жа гоу выходзіць другая кніга гумарыстычных апавяданняў «В жизни так случается». У 60-я гады выходзіць п’еса «Время любить». Сумесна з А. Галічам піша кінасцэнар «Дайте жалобную книгу». Пазней з В. Паляковым стварае сцэнар фільма «Карнавальная ночь», абодва фільмы сталі класікай савецкага кінематографу.
У 70-я гады для Ласкіна пачынаецца перыяд эксперыментаў. Ён пачынае пісаць творы негумарыстычнага характару, а як сам адзначаў, «дзеля ўсмешкі». Спрабуе іншыя жанры, у тым ліку піша ўвесь твор без знакаў прыпынку.
Ласкін неаднаразова бываў у Воршы. У час свайго апошняга візіту ён знайшоў дом, у якім жыў у дзяцінстве. Пра гэты выпадак аўтар распавядаў такім чынам: «Знайшоў дом, падыходжу, спыніўся, гляджу — мужчына голіцца, убачыў мяне і праз фортку: „Што тут забыўся?“ Адказваю: „Дзяцінства сваё забыўся“».
Ласкін — аўтар вялікай колькасці твораў. Пры яго жыцці выпушчана больш за 20 кніг гумарыстычнай прозы, паводле ягоных сцэнароў выйшла больш за 10 фільмаў, пастаўлена вялікая колькасць спектакляў. Асобныя апавяданні і цэлыя кнігі перакладаліся на нямецкую, японскую і англійскую мовы. Апошняя кніга выйшла пасля смерці аўтара ў 1990 годзе «Избранное».