На мінулым тыдні аршанцы заўважылі, што каля ваенкамату на вуліцы Астроўскага з'явілася нешта падобнае на блокпасты. Два з іх размешчаны па баках будынка, адзін проста на ўваходзе. Гэта жалезабетонныя блокі, мяшкі з пяском і калючы дрот уздоўж сцяны ваенкамату. Фота такіх умацаванняў патрапілі і ў рэспубліканскія інфармацыйныя каналы. Там ужо пачалі жартаваць, што аршанскі ваенкамат чакае прыходу НАТА з боку Дуброўна і падобнае.
Насамрэч, гэтыя ўмацаванні з'явіліся для правядзення вучэнняў. Вучэнні пройдуць лакальна - толькі для аршанцаў. Пачнуцца вучэнні 31 ліпеня і ўмацаванні каля ваенкамату толькі частка таго, што пабачаць і пачуюць аршанцы. У час вучэнняў будзе выкарыстоўвацца яшчэ імітацыя зброі, у прыватнасці,імітацыя выбухоўкі. Таму людзі яшчэ і пачуюць выбухі. Працягнуцца вучэнні аж да пачатку кастрычніка.