Нагадаем, што мы выпадкова знайшлі гэтыя карціны, якія рабіў Вернэр Дэц пад час вайны ў Оршы. Насамрэч, іх магло быць і больш. Увогуле тэма гэтага мастака патрабуе далейшых даследванняў. Напрыклад, чым канкрэтна мастак займаўся ў Оршы, у якім падраздзяленні служыў. Па нашай інфармацыі Дэц быў па-за штатным мастаком, адпаведна, у вермахце меў нейкую іншую, асноўную, службу.
А сёння мы публікуем карціну на якой мастак намаляваў Іллінскую царкву. На фотаздымках таго часу мы бачым, што ў царкве ў час вайны быў пашкоджаны купал і не факт, што ў выніку баявых дзеянняў, пашкоджанне магло быць яшчэ да вайны. На малюнку Дэца, які ён зрабіў у 1941 годзе, Іллінка дастаткова ў добрым стане. Магчыма, што гэта невялічкая мастацкая дадумка. А, магчыма, што пашкоджанне ўсё ж такі адбылося пад час акупацыі і Дэц зрабіў свой малюнак раней чым былі зробленыя вядомыя нам фотаздымкі.