21:00

-2

4 м/с

996 гПа

00:00

-2

4 м/с

997 гПа

03:00

-2

4 м/с

997 гПа

06:00

-3

3 м/с

998 гПа

09:00

-3

2 м/с

999 гПа

Орша, Культура

«Палякі плануюць вяселле тры гады»

28.08.2024 11:42

1821 прагляд, 0 каментароў

Вясельныя сукенкі, якія маюць дачыненне да Воршы, заваёўваюць Польшчу.

У суседняй з Беларуссю Польшчы актыўна развіваецца Krasner brand. Маладая фірма па вытворчасці вясельных сукенак з’яўляецца працягам задумы і працы Ганны Краснер — дызайнеркі і канструктаркі, якая раптоўна пайшла з жыцця ўвосень 2023 году.

Пра тое, як развіваецца сямейнае прадпрыемства, як яно напрацоўвае новыя кантакты і чым натхняецца, карэспандэнт Orsha.eu паразмаўляў з уладальніцай маркі Марыяй Краснер.


— На пачатку пагаворым пра перадгісторыю вашага бізнэсу, які стаў сямейным…

— Усё пачалося з маці, яна стварала адзенне па практыцы на заводах. Але ў нейкі час ёй гэта проста надакучыла, бо ўся праца была ўжо не пра творчасць, а пра тое, «як цёця ці дзядзя сказалі». Маці вырашыла працаваць на сябе, было гэта ў 2010–2011 гадах. Яна сказала знаёмым, што можа шыць адзеньне, і так усё пачалося. Да яе пачалі прыходзіць людзі, здымаць меркі, агаворваць дэталі і заказваць вячэрнія і вясельныя сукенкі.

Па 2021 год гэты занятак ішоў у Беларусі, але затым наша сям’я вымушаная была пакінуць Радзіму і з’ехаць за мяжу. Рэпрэсіі, вайна і іншыя чыннікі сталі моцна ўплываць на жыццё, маральныя прынцыпы не дазволілі маці працаваць на старым месцы. А за мяжой на першую пару не было рэсурсаў працягваць справу. Нарэшце, у 2023-м годзе маці вырашыла аднавіць дзейнасць, ствараць адзенне. Да яе зноў пачалі прыходзіць людзі, яна ўдзельнічала з сукенкамі ў вялікім паказе ў Варшаве Targi ślubne.


На жаль, прыкладна праз два тыдні пасля таго запамінальнага паказу маці памерла, і справа з сукенкамі зноўку «завісла». Мы з бацькам вырашылі, што трэба нешта рабіць, працягваць пачатае. Нельга проста ўзяць і спыніць усё з яе смерцю.

— Ведаем, што ваша сям’я паходзіць з Воршы. Ці ня ўся, а толькі бацька?

— Толькі бацька. Маці паходзіць з Пінкавічаў. На момант яе нараджэння гэта была вёска пад Пінскам, а цяпер ужо раён горада. Я сама нарадзілася ў Пінску, тады маці хацела нараджаць побач са сваёй мамай, маёй бабуляй, бліжэй да дому. А мой малодшы брат ужо нарадзіўся ў Віцебску, дзе жыла сям’я. Мне асабіста Ворша добра знаёмая і блізкая, я недзе да трох гадоў жыла там, а потым пастаянна мы ездзілі ў Воршу да бабулі. Можна сказаць, Ворша нас карміла.

— Бізнэс пачаўся ў Беларусі, а цяпер атрымаў новы імпульс за мяжой. Успомніце, калі ласка, момант, калі вы канчаткова вырашылі паехаць у Польшчу. Што было ў гэтым выбары самае складанае?

— Насамрэч тут атрымалася незвычайная гісторыя. Калі я была зусім маленькая, бацька нярэдка казаў: «усё, едзем у Штаты», «едзем у Канаду», «едзем у Нямеччыну». Затым мне споўнілася 18 гадоў, і бацька кажа: «едзем у Польшчу». Я сабе думаю «ну, добра, новая байка ад бацькі!» А тут раптам раз, і сапраўды едзем у Польшчу! Калі ўжо сказалі збіраць рэчы і рыхтавацца, я канчаткова ўсвядоміла, што гэта праўда. Першыя два месяцы ў Польшчы я была ў стане вандроўніцы, успрымала гэта толькі як часовае знаходжанне за мяжой. Маўляў, нейкі час пабудзем тут і неўзабаве вернемся ў Беларусь. Я была яшчэ ў такім узросце, што ўспрымала гэты выезд як вандроўку, пасміхалася, думала, развітаюся з сябрамі ды паеду. Атрымалася ж так, што цяпер я нават на пару дзён не магу вярнуцца ў Беларусь.

— Якое стаўленне да бізнэсу было ў вашай маці?

— Калі я была зусім маленькай, мне хацелася быць як яна — дызайнерам адзення. Потым настаў крызіс веры, і я пачала думаць, што творчасць не пракорміць. Зараз у мяне зноў перыяд упэўненасці — гэта ж творчасць, палёт, далоў сістэму заводаў, давайце рабіць нешта арыгінальнае і класнае, усё перад намі!

Маці адначасова мела сабранасць прадпрымальніка, калі ты не можаш рабіць неабдуманых рашэнняў, і творчы парыў, калі да кожнага заказу, кожнай сукенкі яна падыходзіла індывідуальна, менавіта стварала!


Маці часта жартавала ў сям'і з нагоды сваёй справы. Казала «як добра быць прадпрымальнікам! Хочаш, прачынаешся, а 6-й раніцы. Хочаш, дадому прыходзіш аб 11-й вечара. Хочаш, у цябе тры выходных на месяц». І тое, ейныя выходныя праходзілі ў сям'і, з яе клопатамі і пытаннямі. Магчыма, у вачах кагосьці збоку гэты бізнэс выглядаў лёгка нібы белая бязважкая вытанчаная вясельная сукенка. Як жартуюць пра некаторых: «хачу адкрыць сабе непрыбытковы бізнэс пазногцікаў, пакуль муж-алігарх сваімі справамі займаецца». Але насамрэч гэта была паўнавартасная праца, якой яна аддавалася штодня. У пэўны момант гэты бізнэс стаў адной з галоўных частак сямейнага бюджэту. Маці пашанцавала, бо яна неймаверна любіла сваю справу. Як кажуць у народзе, «знайдзі хобі, і табе ніколі не давядзецца працаваць». Таму яна атрымлівала вялізнае задавальненне ад таго, што робіць.


— Вы працягваеце справу. Хто на гэты момант працуе з вамі і як размяркоўваюцца функцыі?

— Ядро — мой бацька. Ён кіраўнік праекту, ён усіх сабраў. Бацька сочыць за ўсімі тэхнічнымі функцыямі, каму патэлефанаваць, каму заплаціць грошы і іншае. Неўзабаве пасля бацькавай ідэі, што кідаць маміну справу нельга, да нас далучылася Яўгенія, якая дапамагае з маркетынгавымі рашэннямі, з цэхам, у якім шыць адзенне, з пытаннямі пазіцыянавання брэнду. Яўгенія прывяла дызайнерку Наталлю, якая дапамагала нам адлічбоўваць усе пашытыя мамай сукенкі. Бралася якое-небудзь лекала, што засталося ў нас дома, усе складовыя часткі кожнай сукенкі вымяраліся і адлюстроўваліся пазней у 3D. У выніку на кожную сукенку мы маем электронныя лекалы і можам пад кожную дзяўчыну іх адаптаваць. Гэта важны дызайнерска-канструктарскі ўнёсак у нашу справу.

Яшчэ з намі працуе Марыя, жонка былога бацькавага калегі. Яна раней шыла ў маёй маці сукенку і была захопленая гэтай працай. Для яе смерць маёй мамы таксама стала трагедыяй. Першыя тыдні яна пастаянна прыязджала да нас са сваім мужам. Ужо тады была ідэя працягнуць справу, яна захапілася ёй, а па прафэсіі Марыя таксама дызайнерка і працуе стылісткай. Яна стылізуе ўсе нашыя працы, сустракае кліентаў, у яе добрая польская мова. Яна дапамагае людзям ідэальна падабраць сукенку.


Так сталася, што мы адно аднаго прыводзім у наш бізнэс, калі патрабуем новага адмыслоўца. Так з намі пачала працаваць Аліцыя, яна пільна сочыць за часам выканання заказаў, камунікуе з Марыяй, вядзе Інстаграм, адказвае на паведамленні людзям, калі іх нешта цікавіць. У яе ёсць свой брэнд адзення, таму яна мае досвед і павінна сачыць за тым, каб усе трымаліся заяўленага графіку і выконвалі працу ў час.

Я ўключылася ў працэс адносна нядаўна, бо першыя паўгода пасля сыходу маці аказаліся для мяне вельмі цяжкімі. На мяне зараз зарэгістраваная юрыдычная асоба нашай маркі, таксама я вяду сацыяльныя сеткі, распрацоўваю кантэнт-план і займаюся арганізацыяй здымак.

— Мы размаўляем з вамі ў канцы жніўня, за некалькі дзён да першага беларускага фестывалю моды «Апранай сваё». Як праходзіць ваша падрыхтоўка да гэтай падзеі?

— Нам, як удзельнікам, былі пастаўлены некалькі задач, каб усё прайшло добра. Я буду прамоўцай на канферэнцыі, выступлю з прэзентацыяй пра нашу марку і раскажу пра нашу справу. Таксама ў нашым інстаграме і на старонцы фестывалю мы апублікавалі відэазапрашэнне на падзею. Цяпер трэба будзе правесці яшчэ прымеркі і рэпетыцыю паказу.


— Якія надзеі звязваюцца з гэтым фестывалем?

— Зараз вельмі хочацца быць пачутай. Каб усё болей людзей, у тым ліку беларусаў, даведваліся, што ў Варшаве ёсць людзі, якія робяць якасныя вясельныя сукенкі. Па выніках фестывалю хочацца атрымаць некалькі заказаў. Таму стаўлю на мэце пашырэнне сеткі кантактаў і павелічэнне пазнавальнасці на рынку.


— Напэўна, многім людзям, якія прачытаюць інтэрв’ю, могуць быць незнаёмымі маркі з такой спецыфічнай сферы як шлюбнае адзенне і аксэсуары. Але дзеля пашырэння кругагляду варта задаць пытанне пра тое, якімі маркамі вясельных сукенак вы натхняецеся, каго лічыце лідэрамі галіны?

— Наколькі я памятаю, у маці ўлюбёнай, ці адной з улюбёных марак была Papilio. Звяртаюць на сябе ўвагу работы такіх вытворцаў як Reem Acra, Carolina Herrera, Jenny Packham Bridal, lebride.atelier, Zuhair Murad Mariage.

Але цяпер мы прапрацоўваем нашу марку і асэнсаванне шлюбных сукенак. Важным пунктам працы нашых дызайнерак і стылістак было дасягнуць таго, каб мы вылучаліся на агульным рынку, запаміналіся. Пры аналізе польскага рынку бачна, што ў гэтай краіне шмат увагі надаюць сукенкам-«торцікам», з вялікай колькасцю розных банцікаў. То бок фактычна стаўку большасць вытворцаў робіць на паказ самой сукенкі, а не нявесты. Нашае пазіцыянаванне адрознае ад такога погляду — мы схільныя бачыць найперш саму нявесту, а сукенка шыецца дзеля таго, каб падкрэсліць індывідуальнасць кожнай дзяўчыны.


У нечым адпавядае таму, што я хацела бы бачыць і што рабіць, прадукцыя Vera Wang. Але я не засяроджваюся на марках і паўтару, што мы выпрацоўваем свой непаўторны стыль, кшталт. Я гляджу на тое, што робіць так званы мас-маркет, заўважаю тэндэнцыі, бачу іх вытокі ў вытворчасці кампаній «люкс». Іду глядзець на тое, што робяць у «люкс»-галіне і як гэта затым адгукаецца ў прадукцыі мас-маркету, у мадэлях ад Zara, H&M… Акрамя таго, варта звяртаць увагу на лакальных вытворцаў, не абавязкова ў галіне шлюбных сукенак, трэба заўважаць й іншыя трэнды. Як робяць беларусы, як украінцы, якія прапановы ў Францыі, у Злучаных Штатах. А раўналежна гэтаму выпрацоўваецца свой погляд, ідзе праца над павелічэннем пазнавальнасці нашага брэнду.


— Кажуць, лета — час вясельляў. Ваша маладая фірма ўжо адчула гэта на сабе?

— Так, лета гэта час вяселляў, але думаць пра вяселле пачынаюць з восені, зімы ці вясны. Мы запусціліся толькі ўлетку, таму пакуль большасць нашай працы ішла «ў стол», на павелічэнне пазнавальнасці менавіта нашай маркі, на выпрацоўку ўласнага стылю. Калі летась у кастрычніку мая мама прадстаўляла свае работы на Targach ślubnych, мы размаўлялі з палякамі, і некаторыя казалі: «у нас вяселле праз тры гады, вы будзеце працаваць праз тры гады?» Гэта значыць, у Польшчы многія пары загадзя плануюць вяселле, нават за некалькі гадоў.


З досведу маёй маці скажу, што так, большасць вяселляў прыпадае на лета, але нявесты прыходзяць прымярацца ўзімку, увесну, загадзя. А ў траўні ўжо ўсё ва ўсіх «гарыць», бо сукенкі пільна патрэбныя, каму на чэрвень, каму на ліпень, каму на жнівень.



— Пакуль галоўная праца, як вы адзначылі, на пазнавальнасць маркі. Што можна дадаць да бліжэйшых планаў?

— Я бы назвала калабарацыі з іншымі кампаніямі, прадпрыемствамі. І раней маме шмат новых кліентак прыносіла супраца з іншымі вытворцамі. Таму ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з іншымі прадпрымальнікамі ўваходзіць у спіс найбольш важнага. Акрамя таго, здымкі і далейшае прасоўванне брэнду. Пра выставы я пакуль яшчэ не думала, і насамрэч гэта не мая зона адказнасці. Калі прыйдзе для гэтага час, яны таксама будуць.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: «Палякі плануюць вяселле тры гады»

Вясельныя сукенкі, якія маюць дачыненне да Воршы, заваёўваюць Польшчу.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение