Аршанец па ўказанні ашуканцаў «задэклараваў» усе свае зберажэнні.
Чарговай ахвярай тэлефонных махляроў стаў пенсіянер з Воршы. Раніцай 63-гадоваму мужчыну па WhatsApp патэлефанаваў ілжэпрадстаўнік тэлефоннай кампаніі. Паведаміў, што дамова на абслугоўванне заканчваецца, і каб не страціць усе кантакты і нумар, патрэбен новы. Потым у аршанца выведалі ўсе персанальныя звесткі.
Праз некалькі хвілін пенсіянеру зноў паступіў званок, на гэты раз з пенсіянерам гаварыў нібыта супрацоўнік фінансавай міліцыі, які паведаміў, што супраць яго заведзеная крымінальная справа за фінансавую дапамогу ўзброеным сілам Украіны. Гэта адбылося таму, што ашуканцы пару хвілін таму атрымалі ўсе дадзеныя пацярпелага і зараз ад яго імя займаюцца незаконнымі пераводамі. А каб даказаць сваю недатычнасць і пазбегнуць канфіскацыі назапашванняў пры наступным ператрусе, неабходна прама зараз сабраць усе наяўныя дома грошы і задэклараваць іх, пераводзячы на адмысловы рахунак.
Перапалоханы аршанец усё зрабіў па інструкцыі таго, хто тэлефанаваў. У названым яму інфакіёску ён за 7 транзакцый перавёў аферыстам 11400 беларускіх рублёў.
Толькі ўвечары пенсіянер зразумеў, што стаў ахвярай махляроў і звярнуўся ў міліцыю.
Ашуканцы заўсёды добра арыентуюцца ў новых рэаліях. Антыўкраінская і прарасейская палітыка ўладаў Беларусі вядзе ў тым ліку да такіх здарэнняў, калі людзям паведамляюць пра нібыта зробленыя пераводы на ВСУ. Хоць пры гэтым людзей рэгулярна папярэджваюць аб тым, што ніякія супрацоўнікі аб узбуджэнні справы не будуць тэлефанаваць і паведамляць усё па тэлефоне. Аднак людзі вядуцца адзін за адным, а злавіць злачынцаў не так і проста.