У адпаведнасці з рашэннем Аршанскага райвыканкама, фізічным асобам дазволена гандляваць сельскагаспадарчай прадукцыяй і кветкамі выключна на кірмашах і гандлёвых шэрагах. Гэтымі днямі прадаваць кветкі дазваляецца і на шэрагах "Святочнага кiрмаша", які праходзіць на Цэнтральнай плошчы. Ён дзейнічае да 8 сакавіка.
Падатковая інспекцыя будзе праводзіць рэйды, каб высветліць, ці на законных падставах дзейнічаюць гандляры. Без даведкі ад мясцовых органаў улады кветкавай прадукцыяй могуць гандляваць індывідуальныя прадпрымальнікі. “Прыватнікі” мусяць мець даведку з мясцовых выканкамаў, што кветкі вырашчаны ва ўласнай гаспадарцы і сплаціць адзіны падатак за гандаль кветкавай прадукцыяй. Продаж кветак, перакупленых фізічнымі асобамі, забаронены. Гэтаксама забаронены і продаж кветак у неналежных для гэтага месцах.
У сувязі са строгімі захадамі ў дачыненні да асобаў, якія ў перадсвяточны час імкнуцца зарабіць на святочных букетах, пэўная іх колькасць “перайшла ў анлайн”. Пакупнікам прапануюць замаўляць і набываць кветкі на розных інтэрнэт-рэсурсах і электронных гандлёвых пляцоўках. Нагадваем аршанцам пра бяспеку падчас пакупак праз інтэрнэт. Бо часам гандляры-махляры бяруць у пакупнікоў перадаплату, а потым знікаюць. Таксама не варта «весціся» на прапановы паведаміць дадзеныя сваіх банкаўскіх картак — вас могуць пакінуць не толькі без кветак, але і без грошай.