Пасля паразы ў Наваполацку серыя за ўваход у чвэрцьфінал зноў перанеслася ў Воршу. Сустрэча з «Хімікам» нарэшце прынесла аршанцам вікторыю ў асноўны час сустрэчы, прычым у той момант, калі гэта трэбы было найбольш! На шайбу Рогача адказаў Камянькоў, а вось на рэзультатыўны кідок Аксенцюка навапалачане адказу ўжо не знайшлі.
У астатнія хвіліны «Лакаматыў», як прынята выказвацца ў хакеі, «дабіў» суперніка. Спачатку Рычкоў зрабіў лік 3:1, а затым «Хімік» зняў брамніка, каб выпусціць дадатковага палявога гульца. Гэта не спрацавала, пагатоў Балаболкін за 22 секунды да фінальнай сірэны запусціў апошнюю шайбу ў браму навапалачанаў.
Пераканаўчая вікторыя «Лакаматыву» 4:1! Галоўны трэнер каманды Ігар Жылінскі назваў сваіх падапечных «сапраўднай камандай». Ён павіншаваў каманду, заўзятараў і кіраўніцтва горада з важнай вікторыяй і выхадам у плэй-оф. Успомніў, што праз пэўныя прычыны асноўны дабрадзей каманды — чыгунка — калектыву дапамагаць ужо не можа. Але кіраўніцтва Воршы знаходзіць іншыя грошы на ўтрыманне клубу, за што Жылінскі яму і падзякаваў.
Перамога ў серыі 2-1, і «Лакаматыў» будзе ўдзельнічаць у чвэрцьфінале ўпершыню з сезону 2019/20, то бок за пяць гадоў! Ужо вядома, што супернікам аршанцаў на этапе ¼ фіналу будзе менскае «Юнацтва» — адзін з наймацнейшых клубаў Беларусі за ўсю гісторыю. Расклад серыі і стартавыя шанцы камандаў апублікуем неўзабаве на нашым сайце.