Пасля «лёгкага шпацыру», як можна было назваць сустрэчу «Вітэну» з светлагорскім ЦКК, аршанцаў чакае паядынак з камандай-канкурэнтам за перамогу не толькі ў рэгулярным першынстве, але і агулам у змаганні за золата. Гомельскі ВРЗ здаўна ўвасабляе вялікую сілу ў беларускім міні-футболе, вось і цяпер «Вітэн» ачольвае табліцу, а ВРЗ займае трэці радок, адстаючы толькі на тры пункты. Паміж імі ўціснулася «Ахова-Дынама», што досыць нечакана для неблагой каманды, якая, зрэшты, не паказвала лідэрскіх здольнасцяў раней.
Сустрэча «Вітэн» — ВРЗ пройдзе 16 сакавіка, а 14-й гадзіне ў аршанскім спартовым комплексе «Алімпіец», у гамельчукоў на паркет не выйдзе дыскваліфікаваны Уладзіслаў Сялюк. У аршанцаў яўных стратаў перад матчам няма.
Раней супернікі правялі паміж сабою 37 сустрэч, кожны з бакоў перамог па 15 разоў і яшчэ 7 разоў была нічыя. На сваёй пляцоўцы, зрэшты, «Вітэн» выступае лепей — 10 перамог у 19 сустрэчах пры 6 паразах.
Ёсць у складах камандаў і ўнікальны гулец Арцём Рось. Як піша Беларуская асацыяцыя міні-футболу, ён заганяў галы за абедзьве дружыны ў іх асабістых паядынках. Прычым для аршанцаў ён найлепшы стралец у сустрэчах з вагонарамонтнікамі — 10 трапных стрэлаў.