У дамашняй сустрэчы чвэрцьфіналу супраць менскага «Юнацтва» аршанскі «Лакаматыў» зазнаў прыкрай паразы. Прычым у час паядынку аршанская публіка не без падставы спадзявалася на скарачэнне адставання ў серыі з тытулаваным менскім калектывам.
Чыгуначнікі правялі ўдарныя паўтара перыяды і тройчы заганялі шайбы ў браму гасцей. Вызначыліся двойчы Савельеў і аднойчы Дадонаў.
Яшчэ ў другім перыядзе «Юнацтву» ўдалося адгуляць адну шайбу. А ў заключныя дзесяць хвілін сустрэчы «Лакаматыў» прапусціў яшчэ двойчы. Нічыя 3:3 з амаль гатовай перамогі, і чакаем дадатковы перыяд. А ён, як выявілася, быў не адзін.
Толькі ў канцы 85-й хвіліны «Юнацтву» ўдалося закінуць чацвертую шайбу і перамагчы ў драматычных апкалічнасцях 4:3. Гэты паядынак стаў самым доўгім у гісторыі аршанскага «Лакаматыву» — агульны час паядынку заняў 84 хвіліны і 54 секунды!
Пры гэтым супернік аршанцаў — «Юнацтва» — да свайго рэкорду не наблізілася. У каманды ў 2015-м быў звышрэкорд па часе, які, імаверна, ніколі нікому не ўдасца пабіць. Паядынак з «Гомелем» доўжыўся 165 хвілін і 11 секунд.
Лік у серыі «Лакаматыў» — «Юнацтва» ўжо 0-3. Наступны паядынак можа стаць апошнім, калі аршанцы прагуляюць і яго.