8 мая мінулага года побач з паркоўкай каля Хорабраўскіх могілак падчас аварыі пацярпеў матацыкліст. Як мы паведамлялі, у той дзень з боку Хорабрава ехаў аўтамабіль Крайслер і зрабіў левы паварот на паркоўку каля могілак. У гэты ж самы момант з боку Барані ехаў матацыкліст на Хондзе. Кіроўцы Крайслера і матацыкла не заўважылі манеўры адзін аднаго: калі машына пачала паварочваць, матацыкліст пайшоў на абгон. Адбылося сутыкненне. У выніку аварыі матацыкліста прыйшлося шпіталізаваць, і праблемы са здароўем аказаліся істотныя.
Пазней пацярпелы вырашыў звярнуцца ў суд па грашовую кампенсацыю маральнай шкоды. Як высветлілася, падчас аварыі яму былі нанесены цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх па прыкмеце небяспекі для жыцця. На працягу 8 месяцаў мужчына знаходзіўся на лячэнні ў розных медычных установах, перанёс 4 аперацыі, да цяперашняга часу лячэнне не скончана і працягнецца яшчэ як мінімум паўгода, пасля чаго яму будзе патрэбна яшчэ адна аперацыя, доўгае аднаўленне і рэабілітацыя. Лекары не даюць гарантыі, што ён зможа вярнуцца да ранейшага паўнавартаснага жыцця і да сваёй прафесіі кіроўцы цяжкагруза. Мужчына вымушаны знаходзіцца на ўтрыманні ў сваіх бацькоў, не можа весці ранейшы актыўны лад жыцця і ў поўнай меры выконваць абавязкі ў адносінах да ўласнага сына.
Спачатку пацярпелы ацаніў нанесеную яму шкоду ў 40 000 рублёў, аднак на працягу судовага следства зменшыў свае патрабаванні на палову.
Адказчыца — жанчына — кіроўца, якая падчас аварыі была за стырном Крайслера, іскавыя патрабаванні не прызнала — яна палічыла, што сума грашовай кампенсацыі з’яўляецца завышанай і што дастатковай кампенсацыяй маральнай шкоды будзе сума памерам 10 базавых велічынь (420 рублёў). Дарэчы, адказнасці за падзеі 8 мая 2024 г. яна не панесла: папярэдняе следства па крымінальнай справе было спынена, жанчыну вызвалілі ад крымінальнай адказнасці на падставе п. 4 ч. 1 арт. 29 КПК па амністыі.
Але кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 20 000 рублёў па рашэнні суду ёй заплаціць прыйдзецца, роўна як і аплаціць судовыя выдаткі ў памеры 580 рублёў.
Адказчыца звярталася з апеляцыйнай скаргай у Віцебскі абласны суд — прасіла паменшыць суму кампенсацыі маральнай шкоды. Аднак судовая калегія Віцебскага абласнога суду пакінула рашэнне суду першай інстанцыі без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.