Пра кур’ёзны выпадак, які адбыўся падчас прыёму грамадзян у старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна, распавёў Telegram-канал “Віцебская вясна”.
Жыхарка Оршы паспадзявалася, што кіраўнік вобласці вырашыць праблему, на якую яна звяртала ўвагу яшчэ ў мінулым годзе. І не на абы-якім узроўні!
Тады ў Оршы прыём праводзіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Выслухаўшы жанчыну, сталічная госця заверыла, што мясцовым уладам будзе аддадзена адпаведнае распараджэнне. Але нічога не змянілася. І жыхарка Оршы вырашыла нагадаць пра гэта падчас чарговага прыёму, арганізаванага аблвыканкамам.
Рэакцыя Аляксандра Субоціна была крыху нечаканай: ён апраўдаў бяздзейнасць адказных асобаў у рашэнні найпрасцейшых камунальных пытанняў. “Думаю, там есть какие-то нюансы, скрытые моменты, которые не позволяли их легко решить”, - працытавала словы старшыні аблвыканкама газета “Віцьбічы”. І - ні слова пра тое, ці чакаць новага асфальта аршанцам, ці ўжо не.
І ці ёсць тады ўвогуле сэнс запісвацца на прыёмы да начальства, калі ўсе няспраўджаныя абяцанні можна спісаць на “нейкія нюансы” і “схаваныя моманты”?