«Аршанская газета» папярэдзіла чытачоў пра хуткае завяршэнне падпіскі на II квартал. Раённае выданне, якое існуе за кошт падаткаплатнікаў, у сваім інстаграме публікуе відэаролікі, перад якімі папярэджвае, што яны «носяць гумарыстычны характар».
У адным з відэа паштарка б’е падлетка газетай па галаве, патрабуючы ад яго падпісацца на «АГ». Той адмаўляецца ад простай просьбы, ад просьбы з ужываннем словаў «калі ласка», і толькі на трэці раз пагаджаецца выпісаць «Аршанскую газету», атрымаўшы нумарам па галаве.
Пры гэтым яму і другому падлетку, які падышоў на месца наступным, дастаюцца папяровыя асобнікі газеты, не бачна, каб маладзёны ішлі на пошту і афармлялі падпіску на раённае выданне.
Аднак людзі ў каментарах гумару не зразумелі. Сярод рэакцый сустракаюцца такія: «Выпіўшы газету», «Этот шедевр можно использовать в мемах», «А ведь кто-то просмотрел это видео и сказал:"Отлично. Все получилось хорошо. Переснимать не будем, публикуем!» Мне бы такую самоуверенность», «Тарантино нервно курит в сторонке от переизбытка экшена», «За какие грехи нас угораздило родиться в Беларуси…», «Куда оскары везти?», «Начальники всех гос предприятий когда же закончится это бред с газетами».
Відавочна, каментатары намякаюць на тое, што падпіска на дзяржаўныя выданні ў Беларусі ў вельмі вялікай ступені — прымусовая. Цікава, ці здолее ход «Аршанскай газеты» з відэа прывабіць да газеты добраахвотных чытачоў.