Пра парушэнні сваіх правоў ды абыякавасць уладаў да іхных праблемаў мясцовыя жыхары распавядалі ініцыятарам "Народнага рэферэндуму", старшыні партыі БНФ Аляксею Янукевічу і намесніку старшыні руху “За Свабоду” Юрасю Губарэвічу, якія прыязджалі ў Глыбокае.
Сустрэча з жыхарамі Глыбокага прайшла на мясцовым кірмашы, падзяліўся сваімі ўражаннямі Юрась Губарэвіч:
"Мы раздалі на глыбоцкім кірмашы колькі бюлетэняў пра "Народны рэферэндум" і шмат размаўлялі з людзьмі. Хацелася выпрабаваць, наколькі вострыя ў гэтым рэгіёне пытанні, вызначаныя намі ў якасці галоўных для рэферэндуму. І раней выглядала на тое, што беларусаў абражае абыякавасць мясцовых уладаў – з гэтым мы сутыкаліся ва ўсіх рэгіёнах. І Глыбокае не стала выключэннем: глыбачане скардзіліся, што немагчыма дамагчыся справядлівасці – ні праз зварот у выканкам, ні праз суды, ні праз пракуратуру. Людзі падкрэсліваюць, што парушаюцца іхныя правы: напрыклад,за свабоднае выказванне сваіх думак можна страціць працу. Дый само права на працу парушаецца, пра гэта асабліва часта згадвалі прадпрымальнікі. У чаканні рэформаў, звязаных з гвалтоўным увядзеннем тэхнічнага, многія збіраюцца згортваць свой бізнес."
Пра тое, наколькі можна пачувацца ў Глыбокім вольным чалавекам, сведчыць хаця б той факт, што за перасоўваннем мінскіх гасцей па глыбоцкім кірмашы асабіста назіраў кіраўнік мясцовай міліцыі. І суразмоўцы мінскіх актывістаў не выключаюць, што гэты візіт будзе мець наступствы: людзей пачнуць распытваць пра падрабязнасці гутарак. Тым болей, што усюдыісны "чалавек у цывільным", які прафесійна цікавіцца дзейнасцю апазіцыйнай грамадскасці ў Глыбокім, таксама папрасіў некалькі паасобнікаў бюлетэню пра "Народны рэферэндум".
Юрась Губарэвіч і Аляксей Янукевіч, а таксама мясцовыя апазіцыйныя актывісты хацелі сустрэцца і з работнікамі Глыбоцкага райвыканкаму. Але не атрымалася – загадчыцы справамі, у якой сёння прыёмны дзень, не было на месцы. А іншыя супрацоўнікі былі занятыя на нарадзе – так патлумачылі ў выканкаме, распавёў прадстаўнік кампаніі "Гавары праўду" з Глыбокага Яраслаў Берніковіч.