На каго спадзявацца ў пытаньні вызваленьня палітвязьняў: на палітыкаў, праваабаронцаў ці міжнародную супольнасьць? Ці робіцца ў Беларусі піяр на палітзьняволеных? Сайт palitviazni.info запытаў у старшыні Партыі БНФАляксея Янукевіча, што рабіць, каб вязьні сумленьня як мага хутчэй выйшлі на волю.
-Аляксей, памятаеце, як падчас выбарчай кампаніі 2012 году грамадзкасьць негадавала, калі кандыдаты ў дэпутаты, выступаючы па радыё і тэлебачаньні, не ўздымалі праблему палітвязьняў. Калі іншыя палітыкі ўсё ж узгадвалі вязьняў сумленьня, то грамадзянскую супольнасьць не задавальняў той факт, што не былі названыя іх імёны і прозьвішчы. На вашую думку, ці сьведчыць гэта аб тым, што ў справе вызваленьня вязьняў усе спадзяюцца менавіта на вас, палітыкаў?
Аляксей Янукевіч: Дэмакратычная частка грамадзтва ў пэўнай ступені разлічвае на тое, што голас апазыцыі ўнутры краіны здольны паўплываць на лёс палітзьняволеных. Пры гэтым шмат хто разумее – калі казаць аб’ектыўна, на сёньняшні дзень дэмакратычная супольнасьць мае досыць абмежаваную магчымасьць уплыву на сытуацыю з палітычнымі вязьнямі.
Вядома, у гэтай справе немагчыма пераацаніць ролю беларускіх праваабарончых арганізацыяў, якія ня толькі аказваюць дапамогу самім палітвязьням ды іх семьям, але і маюць сталыя кантакты зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. І голас беларускіх праваабаронцаў у абарону і падтрымку палітвязьняў гучыць і ў Беларусі, і ў вольным сьвеце вельмі гучна.
І мы ў Партыі БНФ, а таксама нашыя калегі зь іншых дэмакратычных партыяў і палітычных арганізацыяў, робім усё магчымае, каб гэта балючая тэма гучала пры кожнай нагодзе: як на сустрэчах унутры краіны, так і, што ня менш важна, па-за межамі Беларусі.
На маю думку, у гэтай справе вельмі важна правільна расстаўляць акцэнты, даносіць да грамадзтва інфармацыю ў выглядзе ясных і зразумелых пасланьняў. На дадзены момант большасьці беларусаў вядома пра існаваньне несправядліва зьняволеных. Болей за тое, людзі прызнаюць: нельга так несумленна абыходзіцца з палітычнымі апанэнтамі. Іншая справа, што многія бачаць у наяўнасьці палітвязьняў выключна праблему апазыцыі. Менавіта таму мы імкнемся да таго, каб ўсе слаі беларускага насельніцтва ня проста даведаліся аб існаваньні гэтай праблемы, але ўсьвядомілі, што наяўнасьць палітычных вязьняў непасрэдна ўплывае і на іх лёс: праз гэта сёньня Беларусь адлучаная ад партнёрскага супрацоўніцтва з разьвітымі заходнімі краінамі, а дзякуючы шматлікім праграмам магла б атрымліваць вялікую карысьць у выглядзе новых стандартаў, тэхналёгіяў, рознага кшталту рэсурсаў, у тым ліку матэрыяльных, якія б значна паляпшалі жыцьцё ўсіх беларусаў.
-Ці робіцца ў Беларусі піяр на палітвязьнях? Якое вашае меркаваньне па гэтым пытаньні?
Аляксей Янукевіч: На маю думку, піяр у Беларусі ў сфэры палітыкі вельмі мала запатрабаваны ў прынцыпе, бо сёньня няма мэханізмаў наўпроставай канвэртацыі рэйтынгаў у практычныя рэчы. Аднак спробы адмоўнага, нэгатыўнага піяру на тэме палітвязьняў супраць палітычных апанэнтаў па дэмакратычнай супольнасьці, на жаль, здараюцца, магчыма, нават правакуюцца спэцслужбамі, каб пасеяць недавер сярод апазыцыі. У саміх дэмакратычных шэрагах сустракаюцца тыя, хто імкнецца рабіць нэгатыўны піяр на тэме палітвязьняў, узгадаем тут хаця б унутраную апазыцыйную спрэчку адносна тактыкі на мінулых парлямэнцкіх выбарах: удзел−няўдзел. Некаторыя прыхільнікі байкоту выкарыстоўвалі наступны аргумант: кандыдаты ў дэпутаты здраджваюць палітычным вязьням. Хоць відавочна, што гэтыя рэчы паміж сабой ніякім чынам не зьвязаныя і байкот выбараў ніякім чынам ня можа спрыяць вызваленьню палітзьняволеных.
Зь іншага гледзішча, у грамадзкім разуменьні маральнасьці тэма абароны палітычных вязьняў заўсёды выглядае адназначна станоўча, таму ў кагосьці можа ўзьнікаць спакуса набраць палітычных балаў на гэтай тэме. Але любая ўзгадка пра палітвязьняў − на карысць справы, таму складана кагосьці вінаваціць, калі іх дзеяньні прадыктаваныя ў той ці іншай ступені ўласнай матывацыяй. Гэта, па вялікім рахунку, застаецца справай уласнага сумленьня для кожнага.
-Аляксей, якія дзеяньні мусіць прадпрыняць беларускае грамадзтва, міжнародная супольнасьць, кожны грамадзянін Беларусі, каб як мага хутчэй палітычныя вязьні выйшлі на волю?
Аляксей Янукевіч: У сытуацыі з палітзьняволенымі кожны паасобку ня можа зрабіць шмат, бо ня мае дастатковай сілы, дастатковага голасу, каб улады былі вымушаныя яго слухаць. У пытаньнях абароны вязьняў, іх вызваленьня, першая рэч – гэта найбольш шырокая салідарнасьць. Не толькі ў падтрымцы саміх зьняволеных, іх сем’яў, але і салідарнасьць у адным ясным інфармацыйным пасланьні, якое даходзіць да людзей. На маю думку, дзеля выпраўленьня сытуацыі з палітзьняволенымі кожны сьвядомы грамадзянін Беларусі ў размовах зь сябрамі, калегамі, суседзямі мусіць даводзіць, што наяўнасьць палітвязьняў на сёньняшні момант вельмі адмоўна ўплывае на пэрспэктывы разьвіцьця краіны, на пэрспэктывы эканамічнага росту, на пэрспэктывы лепшай будучыні для Беларусі. Палітвязьні – гэта праблема ня толькі іх родных, ня толькі законнасьці і маральнасьці, гэта пытаньне практычных чыньнікаў – якасьці жыцьця ў краіне.
Важна пераконваць грамадзтва, што наяўнасьць палітзьняволеных недапушчальная, і што гэта зьяўляецца ў тым ліку і іх праблемай, праблемай кожнага беларуса. Я лічу, што ў гэтым ёсьць патэнцыял унутранага ціску дзеля таго, каб палітычныя вязьні былі вызваленыя.