Гэта вынікае з адказа, дасланага актывістам Аляксею Гаўруцікаву і Хрыстафору Жаляпаву, якія паспрабавалі заключыць дамову з міліцыяй на ахову ўдзельнікаў масавай акцыі. Папярэднага заключэння дамоваў патрабуе Віцебскі гарвыканкам. Але ў абласной управе МУС гэта патрабаванне ігнаруюць і спасылаюцца на закон аб масавых акцыях, які не вымагае ад заяўнікаў таго, чаго з 2009 года патрабуць віцебскія мясцовыя ўлады. Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада"Аляксей Гаўруцікаў збіраліся правесці 8 лістапада пікет у Парку 30-годдзя ВЛКСМ. Мэта акцыі - выказаць пратэст супраць палітычных рэпрэсій у краіне і ў знак салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Статкевічам, Эдуардам Лобавым, Алесем Бяляцкім і іншымі, патрабаванне неадкладнага іхнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі.
Спрабуючы выканаць патрабаванні рашэння мясцовых уладаў, актывісты хацелі папярэдне заключыць дамовы на абслугоўванне акцыіз міліцыяй, медыкамі і службамі ЖКГ. З міліцыі атрымалі адмову, прычым з фармулёўкай адмовы цалкам можна пагадзіцца, тлумачыць юрыст Аляксей Гаўруцікаў:
"Намеснік начальніка абласной управы МУС піша, што яму не вядома пра дазвол ці забарону акцыі раённай адміністрацыяй. І пакуль такіх звестак у яго няма, заключаць дамову ён лічыць немэтазгодным. У прынцыпе, усё слушна: паводле заканадаўства, заяўнік мусіць атрымаць дазвол ад мясцовых уладаў, а потым заключаць дамовы на абслугоўванне. Гэта слушна і з практычнага пункту погляду: за абслугоўванне, паводле дамовы, трэба плаціць грошы. А як з гэтым быць потым, калі акцыя раптам будзе забаронена? Прасцей кажучы, спачатку атрымаць дазвол, а потым забяспечваць абслугоўванне акцый – гэта лагічна. І толькі ў віцебскага гарвыканкама іншая логіка: спачатку яны хочуць ад нас дамоваў, а потым будуць вырашаць, ці дазволіць, ці не. Вось міліцыя і прадэманстравала, што рашэнне гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі масавых акцый у г.Віцебску" супярэчыць беларускаму заканадаўству."
Хоць ён і слушны, але адказ міліцыянтаў – не на карысць актывістаў. Адсутнасць дамовы з міліцыяй – гэта падстава для забароны акцыі, бо мясцовыя ўлады кіруюцца выключна рашэнне гарвыканкаму. І падкрэслена не заўважаюць ні супярэчнасцяў у дзяржаўных дакументах, ні заканадаўча прызнанай звышнасці закону над рашэннямі выканкаму. "Рашэнне гарвыканкаму №881 "уклінілася" паміж законам і грамадзянінам, і выкананне закона стала для грамадзяніна немагчымым. Немагчымым у Віцебску стала і скарыстаць нашы правы на арганізацыю і правядзенне масавых акцый. Да ўсяго, рашэнне гарвыканкама нібыта абавязковае для ўсіх згаданых у ім суб'ектаў, але адказныя структуры паказальна яго ігнаруюць і не падпарадкоўваюцца. Гэта тычыцца і міліцыі, і медыкаў", -- гаворыць другі заяўнік, Хрыстафор Жаляпаў.
Калі міліцыя проста праігнаравала рашэнне гарвыканкаму, то медыкі чарговы раз выкарысталі ўжо "правераную" нагоду для адмовы. З цэнтральнай гарадской паліклінікі прыйшоў адказ, што заключыць дамову на дзяжурства ўрача на пікеце 8 лістапада немагчыма, бо ў горадзе "успышка сезонных захворванняў", і ўсе медыкі і хуткая дапамога занятыя.
"Сезонныя захворванні абвастраюцца адразу ж, як толькі ёсць нагода! Мы чулі гэтае тлумачэнне і напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, і ўзімку, і ўлетку…У Віцебску проста эпідэмія распачынаецца, як толькі апазіцыянеры хочуць правесці акцыю! Хаця часам бываюць і выключэнні: мінулым разам медыкі даслалі нам адмову проста без удакладнення прычын. Атрымліваецца, выконваць рашэнне гарвыканкаму №881 мусім толькі мы, а адказныя структуры, названыя ў ім, не абавязаныя. Дык дзе ж роўнасць перад законам і дзе нашы правы?" – абураецца Х. Жаляпаў.
Гэтыя пытанне віцебскія актывісты задавалі і гарвыканкаму, і кіраўніцтву паліклінікі, і ўправе МУС, і судам, якія прасілі абавязаць адказныя службы да заключэння дамоваў. Але рашэнне №881 застаецца невыканальным і нязменным. І з часу прыняцця яго ў 2009 годзе ў Віцебску не было дазволена ніводнай масавай акцыі па ініцыятыве дэмакратычных актывістаў.