Наш горад Зміцер Сасноўскі наведае не столькі як музыка колькі як даследчык. Перад аршанцамі ён выступіць каб расказаць пра беларускую музычную культуру і яе гісторыю. Праўда, не абыйдзецца і без музычнага суправаджэння: Зміцер прывязе з сабой адноўленыя музычныя інтсруманты, прадэманструе іх выгляд і гучанне. Сустрэча пачнецца а 18-00 26 чэрвеня па адрасе: вул. Чырвонаармейская, д. 13.
Зміцер Сасноўскі рознабаковы чалавек, нарадзяўся ў 1974 годзе ў Гомелі. Скончыў гісторыка-юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, завочна вучыўся ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спецыяльнасці "філасофія", стажыраваўся ў Мадрыцкім каталіцкім універсітэце.
Для вывучэння музычнай культуры і старажытных інструмантаў з навуковымі экспедыцыямі пабываў у Беларусі, Расіі, Латвіі. Таксама стажыраваўся ў Латвіі, Польшы, ЗША.
Прафесійна пачаў займацца музыкай з 1998 года. Сабраў вялікую калекцыю старажытных інструмантаў частку якіх падарыў Полацкаму краязнаўчаму музею. Вырабляе і рэстаўруе старажытныя музычныя інтсруманты, а таксама грае на іх. У 1999 годзе стаў лаўрэатам міжнароднага фальклорнага фестывалю як выканаўца на народных інструмантах, пасля чаго заснаваў гурт "Стары Ольса". З 2001 года заняўся прадусарскай дзейнасцю: арганізоўваў гастрольныя туры, прадусар фестывалю "Дударскі фэст", штогадовых калядных фестываляў, гурта LitvinTroll. Кіраўнік штогадовай міжнароднай канферэнцыі "Захаванне дудурскай традыі ва Ўсходняй Еўропе".
Выкладаў у школе, Полацкім універсітэце сусветную мастацкую культуру і гісторыю філасофіі. Аўтар дзесяткаў даследніцкіх публікацыяў і чатырох кнігаў: "Гісторыя беларускіх музычных уплываў", "Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага", "Гісторыя беларускай музычнай культуры ад першабытнасці да канца 18 стагоддзя", "Гісторыя беларускай музычнай культуры 19-20 стагоддзяў". Як рэжысёр зняў дакументальны фільм "Старыя інструманты Беларусі".
Акрамя таго, рэжысёр музычных кліпаў, калекцыянер рэтра-аўтамабіляў, прэс-сакратар Таварыства рэтра-транпсарту, сябра аргкамітэту "Гальшанскага фэсту", адміністратар Дударскага клуба, арт-дырэктар турыстычанага агенцтва, загадчык інфрамацыйнага аддзелу Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Сустрэча адбудзецца ў рамках кампаніі АМГА "Звяз" "Мы аршанцы, мы беларусы". Уваход вольны.
Фільм "Старыя інструманты Беларусі"
Кліп Стары Ольса "Слаўся князь Вітаўт"