Да 10 верасня, пакуль не адбылася афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, ў інфармацыйнай прасторы краіны на тэму кандыдатаў заўважана адноснае зацішша. Адзіны кандыдат ад апазіцыі, Таццяна Караткевіч часова перастала быць у навіновых топах. Вяртанне інтарэсу прыйшло адкуль не чакалі. Адна з прарасійскіх суполак у кантакце апублікавала фотаздымак зроблены 17 жніўня ў Оршы. На фотаздымку, які адміны суполкі назвалі "Троллинг оппозиции 80 lvl. Это Беларусь, детка" ўраджэнец Оршы, які назваўся кандыдатцы гісторыкам і доўга размаўляў з ёй на пікеце па зборы подпісаў 17 жніўня стаіць з Таццянай апрануты ў майку з імперскім сцягам, надпісамі "С нами Бог", "Орша" і гербам нашага гораду часоў Расійскай імперыі.
Гэты фотаздымак стаў повадам Радыё Свабодзе зноў разгорнута пагаварыць з будучай кандыдаткай у прэзідэнты. У інтэрв'ю Таццяна патлумачыла паходжанне фотаздымка і выказалася супраць зневажання людзей па прыкмеце сімволікі:
"Самае галоўнае, сёньня народ патрабуе павагі. Ня трэба зьневажаць адзін аднаго, напачатку з такіх простых рэчаў, як сымболіка. Ну хоча гэты хлопец, ён апрануў гэту майку. Як псыхоляг я разумею, што гэта выклік — маўляў, паразмаўляйце са мной. Але ён паводзіў сябе ветліва, і я ня бачыла ніякіх прычын, каб яго абражаць. Тым больш, што ён за мяне падпісаўся і актыўна ўдзельнічаў, размаўляў са мной. Я думаю, што нехта, можа, і выкарыстае гэты фотаздымак, каб навязаць мне нейкія пазыцыі, якіх у мяне няма. Іх насамрэч няма. Але гэта ўжо справа тых людзей, якім гэта выгадна. Мяне гэта ня тычыцца." Поўнае інтэрв'ю можна прачытаць тут.
Але хто ж такі гэты хлопец, які не хочучы таго стварыў новую інфармацыйную нагоду? Як распавялі былыя аднакласнікі героя, завуць яго Ігар, пасля навучання ў 13 школе ён з'ехаў у Санкт-Пецярбург і пасля гэтага ў Оршы жыў не пастаянна.
На старонцы Ігара ў кантакце шмат яго фотаздымкаў з Расіі і Беларусі, перапостаў з прарасійскіх суполак, у тым ліку карцінка дзе Усходняя частка Беларусі абмалявана іншым колерам у адрозненні ад астатняй частцы краіны і названа "Заходняй Вялікароссіяй са сталіцай у Магілёве".