Помнік прысвечаны ахвярам вайны, але не баявых дзеянняў, а тым, хто загінуў у Баброва ад зброі часоў вайны пасля 1944 года, калі вёска ўжо вярнулася пад кантроль Савецкіх уладаў. Ініцыятар усталявання помніка - ён жа і спонсар помніка - ураджэнец вёскі, а цяпер жыхар Оршы Мінай Лявонавіч Карніенка. Калі яго сям'я вярнулася ў родную вёску, ён быў яшчэ малым і не заўсёды асэнсоўваў бяспеку. З-за яго гульняў з выбухова небяспечнай цацкай ледзь не загінуў родны брат. Ідэя паставіць помнік ахвярам вайны ў пасляваенны час з'явілася ў яго даўно, калі на пенсіі заняўся краязнаўствам - вывучэннем гісторыі вёскі Баброва. Дзякуючы гэтай цікавасці ўдалося і скласці спіс загінулых - усяго іх 16 чалавек, без уліку параненых боепрыпасамі. Прозвішчы ўсіх 16-ці нанесены на помнік. Адкрыццё помніка адбылося напрыканцы верасня каля будынка канторы мясцовай гаспадаркі. Па нашай інфармацыі гэта першы вясковы помнік загінулым ад боепрыпасаў часоў вайны ва ўсёй краіне.
У сярэдзіне кастрычніка на Дубровеньшчыне, таксама за грошы неабыякавых грамадзян на мемарыяльным комплексе "Рыленкі" была ўсталявана новая пліта. Родзічы аднаго з загінулых пад вёскай Рыленкі жаўнера савецкай арміі праз шмат гадоў змаглі даказаць, што на мемарыяльнай пліце яго прозвішча напісана неправільна і за свой кошт замянілі пліту.