Да народнага майстра Вольгі Квашко трапіла льняная тканіна, якой больш за 100 гадоў. Вядома, не фабрычная, а саматканая. Майстрыха вырашыла пашыць з яе жаночую “рубашку” - менавіта так, не “кашуля” і не “сарочка” - на Сенненшчыне спрадвеку называюць гэты элемент народнага касцюма.
Вольга Квашко ўжо 20 гадоў вывучае асаблівасці мясцовага народнага адзення. “Рубашка” мае тут свой адмысловы крой, і каб атрымаць адпаведнік, як мага больш блізкі да аўтэнтычнага варыянту, майстрыха шые яе ўручную. А аздабляе, вядома, вышыўкай - “у зорачкі”, як называюць гэты ўзор у Сенненскім рэгіёне.
Да адметнасцяў сенненскага строю адносіцца і жаночы галаўны ўбор - “чапец”. У ім традыцыйна спалучаюцца некалькі тэхнік - шытво і вязанне. “Чапец” мае адмысловы фасон, “з казырком”. Альтэрнатывай яму магла быць “хустка”. Выходзіць на вуліцу без галаўнога ўбору для жанчыны, які і для мужчыны, у часы бытавання традацыйнага адзення лічылася непрыстойным.
Працягваюць у сенненскім Доме рамёстваў і традыцыю пляцення паясоў на мясцовы лад - з выкарыстаннем саломы. Паясок атрымліваецца вузенечкі, не падобны да тых, якія насілі ў іншых мясцінах Віцебшчыны.
А яшчэ майстры ў Сянно адраджаюць мясцовую традыцыю чатырохнітовага ткацтва. Адзін з распаўсюджаных тут ўзораў называецца вельмі пяшчотна - “коцікі”.