Першай згадкай Лёзны ў пісьмовых крыніцах неабходна лічыць 1593 год. Такім чынам, пасёлак «пастарэў» на 57 год.
Інфармацыю пацвердзіў Інстытут гісторыі НАН, са спасылкай на яго пра гэта напісаў сайт мясцовай газеты «Сцяг перамогі». Новая дата заснавання пасёлка Лёзна: 3 красавіка 1593 года. Раней лічылася, што Лёзна заснавалі ў 1650 годзе, гэтая дата была прынятая афіцыйна.
Тапонім са значэннем «лёзненскі» ўпершыню згадваецца ў запісе на маёнтак Пагосцішча, датаваным 15 жніўня 1527 года. Аднак з таго дакумента незразумела, ідзе размова пра населены пункт, ці ўрочышча, лес, маёнтак і г. д.
У 2016-м гісторык Аляксандр Цыганкоў у раённай газеце назваў найбольш ранні дакумент, у якім згадваецца непасрэдна паселішча Лёзна. У зборніку дакументаў Віцебскага архіву старажытных актавых кніг (1890) ёсць скарга Марціна Стравінскага, кашталяна Віцебскага, на Валовічаў за захоп маёнтка Мікуліна. Яе дата — 3 красавіка 1593 года.
На запыт райвыканкама Інстытут гісторыі НАН Беларусі пацвердзіў: першай згадкай Лёзна неабходна лічыць менавіта гэты дакумент, дзе «Лезъно» (так запісвалася паселішча на старабеларускай мове) згадана як населены пункт — сяло.