Традыцыйна ў адну з суботаў з 1 па 11 лістапада ў Беларусі адзначаюцца "Восеньскія дзяды" - дзень памінання памерлых. З пачатку 90-х гадоў свята выйшла за рамкі сямейнага памінання - у гэты дзень сталі ўзгадваць і ахвяраў палітычных рэпрэсій пачатку 20-га стагоддзя. Пад Оршай адно з двух на ўсю краіну месцаў, дзе ўлады афіцыйна прызналі факт масавых пахаванняў часоў сталінізму - Кабыляцкая гара. Паўнавартасных даследванняў тут не праводзілася, таму колькасць пахаваных невядомая - лічбы, якія калі-небудзь называюцца, даволі прыблізныя - ад 300 да 3.000 чалавек. Штогод неабыякавыя людзі прыходзяць на помнік на Кабыляцкай гары, каб ускласці вянкі, кветкі ды такім чынам ушанаваць памяць бязвінна загінулых.
У гэтым годзе актывісты арганізацый, якія ўваходзяць у Аршанскую кааліыю АДС плануюць наведаць помнік 7 лістапада, ускласці кветкі, зрабіць прыборку ад смецця. Калі вы хочаце таксама наведаць помнік на Кабыляцкай гары, але не ведаеце як туды дабрацца, то 7 лістапада а 12 гадзіне можна падыйсці да рэстарана "Радуга" ў Андрэеўшчыне, і адтуль пайсці разам з іншымі ўдзельнікамі. Можна ўзяць з сабой граблі ці мятлу.