BBC супольна з сэрвісам Shazam прапанаваў пошук гарадоў-блізнюкоў па музычных цікаўнасцях. З 15 беларускіх гарадоў большасць мае музычныя цікаўнасці, блізкія да Расеі. Цікава, што тут супадаюць і самыя далёкія адна ад адной кропкі Беларусі і Расеі - Гародня і Хабараўск. Самы цікавы "блізнюк" у беларускіх гарадоў - кітайскі Харбін, які сходны па музычных густах з Бабруйскам. Магчыма, гэта крыху абумоўлена тым, што ў свой час менавіта ў Харбін многія грамадзяне з'язджалі ў эміграцыю з СССР. Але ўсё адно выглядае нечакана.
Shazam — заснаваны ў 1999 годзе мабільны сэрвіс са 100 мільёнамі карыстальнікаў. Па кароткім урыўку песні, запісаным нават у шумным месцы, Shazam можа распазнаць выканаўцу і назву песні. У базе сэрвісу мноства песень і выканаўцаў, што прадаюць сваю музыку легальным шляхам, але даволі мала беларускамоўных выканаўцаў, многія з якіх не выстаўляюць свае песні на платныя сэрвісы кшталту iTunes.
Музычны "сябар" Оршы ў плане музыкі - расейскі горад Апатыты, што знаходзіцца ў Мурманскай вобласці. З 10 самых папулярных кампазіцый, якія аршанцы слухаюць і шукаюць найчасцей, з Апатытамі супадае ажно 7 песень. На скрыншотах прыведзеныя песні, што слухаюць аршанцы і супадзенні з музыкальнымі перавагамі жыхароў Апатытаў. Цікава, што сярод 10 песень 8 спяваюцца на ангельскай мове, 1 на ўкраінскай і 1 на расейскай. Прычым выканаўца расейскамоўнай песні - украінец Арцём Півавараў з Харкава. Таксама цікава, што самая папулярная ў Оршы песня "Don't Be So Shy" выканаўца "Imany" у Апатытах не ўваходзіць і ў ТОП-10.
Апатыты — горад у Мурманскай вобласці Расеі. Уваходзіць у склад гарадской акругі Апатыты. Насельніцтва 57 398 чалавек (2015). Размешчаны на Кольскім паўвостраве паміж возерам Імандра і горным масівам Хібіны недалёка ад мяжы з Фінляндыяй. Чыгуначная станцыя. Ваенная авіябаза Кіраўск/Апатыты. Заснаваны ў 1935 годзе, статус горада набыў у 1966 годзе. Гарадоў-пабрацімаў з беларускімі гарадамі не мае, знаходзіцца ў 1500 кіламетрах ад Оршы.