Адчуванне бяспекі не заўсёды сведчыць пра тое, што чалавек сапраўды знаходзіцца ў бяспецы. Многія аршанскія пенсіянеры маюць звычку не зачыняць дзверы ў сваіх кватэрах, гэтым нярэдка карыстаюцца злачынцы і выносяць з жылля грошы і каштоўнасці. Адчуваннем бяспекі карысталася і адна аршанская рэцыдывістка. Для гэтага ёй нават не трэба было нікога падманваць, збіваць, шантажаваць. Яна проста тузала ручкі ў дзвярах пад'езду, куды заходзіла, а ў саміх кватэрах знаходзіла што трэба. Часцяком пенсіянеры нават не чулі, што ў іх кватэры ёсць нейкая пабочная асоба.
40-гадовая зладзейка скрала тысячу даляраў у 75-гадовай пенсіянеркі, пакуль тая выйшла на балкон. Валюта ляжала ў пакеце з-пад малака, як часта робяць людзі сталага веку, наіўна думаючы, што такі несамавіты пакет не прывабіць вачэй злодзея.
Праз пару месяцаў зладзейка, якая не мела ні працы, ні пастаяннага месца жыхарства, вынесла звыш 12 мільёнаў рублёў з кватэры 88-гадовай жанчыны. Аднак тут і чакаў яе пракол - яна не заўважыла, што за ёй ужо цікуе міліцыя. Затрыманне, і пры бандытцы знаходзяць скрадзеныя грошы. Пенсіянерка ж была здзіўленая візітам да яе "органаў" і толькі ў самым кабінеце даведалася, што з яе кватэры вынеслі ўсе грошы, якія яна ашчаджала на пахаванне.
Рэцыдывістка раней 5 разоў была асуджаная па сходных артыкулах Крымінальнага кодэксу. Цяпер яна атрымала 3 гады калоніі агульнага рэжыму.