Дагэтуль "сіня-белых" пераследавалі спрэс няўдачы ў сустрэчах з дадзеным супернікам у рамках 1-й лігі. У 7 гульнях аршанцы саступалі "чырвона-белым", у 1 матчы была зафіксаваная нічыя. Розніца галоў была 7:17 не на карысць "ільняных".
Доўгачаканы поспех аказаўся радасным і заслужаным. Каманды ўступілі ў барацьбу ў 2-м туры чэмпіянату Беларусі ў 1-й лізе. Гаспадары поля адразу ўзялі ініцыятыву ва ўласныя рукі. Ужо на самым старце навічок аршанцаў Яўген Пракопчык адкрыў лік пасля розыгрышу вуглавога ўдару - 1:0!
Аршанцы метадычна прыступілі да новых дзеянняў, каб развіць свой поспех. Двойчы мяч праходзіў побач з каркасам брамы, яшчэ адзін раз брамнік "Ліды" нагамі спрытна адбіў удар. Але ў другой палове першага тайму "сіня-белым" удалося рэалізаваць сваю перавагу, вызначыўся другі Яўген, які таксама навабранец у камандзе Юрыя Канаплёва — Зямко. 2:0!
Забіўшы другі раз, аршанцы расслабіліся, а "Ліда" наадварот, выразна зразумела, што толькі інтэнсіўныя атакі могуць уратаваць каманду ад паразы. Двойчы брамнік "Оршы" парыраваў небяспечныя ўдары, яшчэ аднойчы гулец "Ліды" прабіў вышэй за "рамку". Пад канец тайма Камінскі яшчэ два разы не дазволіў мячу трапіць у сетку, аднак у кампенсаваны час не дапамог ніхто - "Ліда" скараціла адставанне.
У другой палове сустрэчы гледачы таксама ўбачылі шмат захапляльных момантаў і проста адметных эпізодаў. Зноў на вышыні быў брамнік "Оршы". Шанцы забіць былі ў абедзвюх камандаў, але "Ліда" атакавала ўсё ж часцей і пару разоў аршанцы былі на мяжы другога прапушчанага голу. Аднак вытрымалі ўсе праблемы і нават фінальны штурм, які ўдаўся "Лідзе". 2:1 на карысць "Оршы"!
Састаў "Оршы" ў матчы: Камінскі — Вусачоў, Пракопчык, Мараў, Жданок (Шарыпа, 86), Знак, Чарнуха, Магаль (Грачыха, 61), Гігевіч, Зямко, Хадневіч. Сярод запасных знаходзіліся, але на поле не выйшлі: Гудзенка, Казарын, Суздальцаў, Галоўчык, Данілкоў.
Дзмітрый Вусачоў атрымаў жоўтую картку.
Гістарычная, не менш, вікторыя "Оршы" 2:1, першая перамога над "Лідай" у 1-й лізе чэмпіянатаў незалежнай Беларусі і першая перамога за 20 апошніх гульняў у чэмпіянатах краіны. Адразу дзве непрыемныя серыі, што мулялі вока аршанскім заўзятарам, абарваныя.